У кроку ад рэферэндуму

Мы набліжаемся да лёсавызначальнай падзеі для нашай краіны – рэспубліканскага рэферэндуму па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Навошта трэба прымаць удзел у фарміраванні Асноўнага Закону дзяржавы, выказваюцца кабрынчане.

Уладзімір МЯЛЕЖЫК, палкоўнік у запасе:

– У ліку змяненняў, якія ўнесены ў праект Канстытуцыі, новая рэдакцыя першай часткі артыкула 4 трактуецца: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь здзяйсняецца на аснове ідэалогіі беларускага грамадства, а таксама разнастайнасці палітычных інстытутаў і думак». Як былы ваенны і чалавек, выхаваны на сацыялістычнай ідэалогіі, магу цвёрда заявіць, што гэта правільна. Умацаваць будучыню сваёй дзяржавы мы можам толькі на моцным ідэалагічным фундаменце, які фарміруецца на ўнікальнай нацыянальнай, самабытнай культуры. Ідэалогія – тое, што робіць беларуса беларусамі, а Канстытуцыю – беларускай.
Для кожнага беларуса наступае адказны момант. Прыйсці на рэферэндум – значыць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. Праект Канстытуцыі напісаны для народа Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыя абараняе яго інтарэсы, з’яўляецца арыенцірам, вызначае курс развіцця краіны, забяспевае грамадзянам магчымасць рэалізоўвацца і ўпэўнена ісці наперад.
Хачу звярнуцца і да нашай моладзі. Сёння дзяржавай створаны ўсе ўмовы для яе самарэалізацыі. Справа толькі за маладымі. Ад іх пазіцыі залежыць іх будучыня. І яны павінны выбраць правільны шлях, а для гэтага ім трэба ў тым ліку і азірнуцца назад – на здабыткі сваіх продкаў, прыслухацца да мудрых выказванняў бацькоў. Без пераемнасці пакаленняў мацаваць краіну немагчыма.

Таццяна КАРОЛЬ, настаўнік хіміі Батчынскай сярэдняй школы:

– Толькі мы, грамадзяне сваёй краіны – беларусы, павінны вызначаць па якіх законах мы будзем жыць заўтра. Ніхто з «моцных гэтага свету», тых, хто хоча, каб ім падпарадкоўваліся ўсе, каб іх думка была вядучай і адзінай, ні тыя, хто здрадзіў сваёй краіне і кінуў яе ў цяжкі час, – не маюць права дыктаваць нам свае правілы і навязваць думкі. Мы хочам мірнага і дынамічнага развіцця, а змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю накіраваны менавіта на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы, забеспячэнне міру і справядлівасці, захаванне самабытнасці, духоўных і культурных традыцый.
Я прааналізавала праект Канстытуцыі. Як і іншыя неабыякавыя беларусы, добра разумею, наколькі важны мой выбар. У праекце прапісаны шэраг важнейшых аспектаў. Вялікі акцэнт робіцца на захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Гэта правільна і вельмі своечасова. Мы бачым, як заўзята на Захадзе імкнуцца перапісаць гісторыю, прысвоіць сабе званне герояў-пераможцаў ці, што яшчэ страшней, навязаць думку, быццам немцы прыйшлі на нашу зямлю з «добрай» місіяй… Прыняць гэта як факт – значыць апраўдаць генацыд, халакост, усе тыя зверствы, якія ўчыніў фашызм над чалавецтвам, значыць здрадзіць сваім продкам, сцерці з памяці кожнага трэцяга беларуса, што загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны дзеля нашай будучыні.
Важны аспект Канстытуцыі – абаро-на традыцыйных каштоўнасцяў, сям’і, фарміраванне больш калектыўных прынцыпаў прыняцця рашэнняў.
Я іду на рэферэндум, таму што мне неабыякава тое, што зроблена ў краіне за шмат гадоў нашага суверэнітэту, і што будзе з маёй краінай далей.

Запісала Алена БАКУН

Check on Jiji.co.ke https://jiji.co.ke/55-flats-shoes Best in Kenya