Лёсавызначальны верасень

17 верасня без перабольшвання для беларусаў знакавая дата. Менавіта 82 гады таму, у 1939 годзе, пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Амаль на працягу дваццаці гадоў тэрыторыя нашай краіны паводле Рыжскага мірнага дагавора была падзелена мяжой. 3 мільёны 900 тысяч нашых землякоў да 1939 года знаходзіліся пад уладай Польшчы.

Памятаю, яшчэ ў маім дзяцінстве бабуля прыгадвала, якім цяжкім і гаротным было жыццё пры панах. Сяляне працавалі многа, а жылі бедна. Тады беларусаў ніхто не лічыў за народ. «Крэсы всходні» – так называлі палякі аку­паваныя беларускія зем­лі. Польская дзяржава першапачаткова хоць і дэкламавала захаванне нацыянальных адметнасцей беларусаў, але мэтанакіравана пра­водзіла курс на пасту­повую паланізацыю. Бе­ларуская мова выціс­ка­лася з публічнага ўжы­­вання. Навучанне вя­лося выключна па-польс­ку. Людзей маглі звольніць з працы толь­кі за тое, што тыя лі­чылі сябе беларусамі і праваслаўнымі.

У да­кладной запісцы Бе­ластоцкага ваяводы Ас­ташэўскага ў Мі­ніс­тэрства ўнутраных спраў Польшчы было напісана: «Рана ці позна беларускае на­сельніцтва падля­гае па­ланізацыі. Яно ўяў­ляе сабой пасіўную ма­су, без шырокай народнай свядомасці, без уласных дзяржаўных тра­дыцый. Жадаючы гэты працэс паскорыць, мы павінны адолець старажытную беларускую культуру. У сельскіх воласцях па­вінна быць паднятая да вышэйшага ўзроўню матэрыяльная культура палякаў. Гэта адна з прынцыповых умоў польскай экспансіі».

У выніку з 400 бела­рус­камоўных школ, якія існа­валі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да яе акупацыі Польшчай, пад канец 30-х га­доў мінулага стагоддзя не засталося ніводнай. Польская ўлада беларускія землі заўсёды лічыла калоніяй, а іх насельнікаў – беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў – людзьмі другога, ніжэйшага гатунку.

Дарэчы, у кнізе «Памяць. Маларыцкі раён» падрабяз­на апісваецца тагачаснае ста­но­вішча маларытчан. Людзі жылі вельмі бедна, амаль на мяжы жабрацтва. Маларыцкія землі малаўрадлівыя, пясчаныя і не маглі радаваць сяльчан добрым ураджаем. Многія ў пошуках кавалка хлеба падаліся на заробкі ў Лацінскую Амерыку, Аўстралію. У раёне на­ліч­валася звыш дваццаці па­­мешчыцкіх і асадніцкіх маёнт­­каў. Наёмныя рабочыя пра­цавалі ў іх ад цямна і да цямна, акрамя таго, заработная плата рабочых Усходніх крэсаў была на 50-60 працэнтаў ні­жэйшай, чым у цэнтральнай Польшчы.

Напрыклад, калі ў Варшаве за тыдзень рабочы атрымліваў 39,6 злотага, то ў Палескім ваяводстве ра­бо­чы за аналагічную працу ат­рымліваў толькі 17,8 злотага. Асабліва нізкім быў заробак у жанчын, за 10-12-гадзінны рабочы дзень яны атрымлівалі ад 70-80 грошаў да 1,5 злотых. У 1938 годзе, каб купіць боты, маларытчаніну трэба было прадаць 125 кілаграмаў жыта ці 31 кілаграм свініны або 155 літраў малака.

У кнізе «Памяць» надрука­ваны ўспамін жыхара Мала­рыты Пахома Ігнатавіча Чуля, які расказваў, што «меў 2 дзясяціны зямлі, карову, каня – вельмі слабага. Сям’я была вялікая, ніколі хлеба ад ура-джаю да ўраджаю не хапала. І зарабіць, пакуль не стаў электрыкам, не было дзе, каб купіць што-небудзь. Усё са сваёй гаспадаркі: што вырасце, тое і маеш. А прадасі што-небудзь – адарвеш ад сябе, тады сякая-такая капейка завядзецца. Толькі што прадасі, калі самому не хапае. З нецярплівасцю чакалі кожны год новага ўраджаю.

Калі збажына толькі пачне спець, сажнем некалькі снапоў, выб’ем зерне, на жорнах змелем – вось і вялікая радасць у хаце – хлеб… Накапае жонка маладой бульбы, кароў выдаіць, цыбуліну вышчыпне – якая вя­чэра смачная! Яно б і гэта было б няблага, каб удосталь… Так жылі мы, так жылі нашы суседзі». Таму заканамерна, што на Маларытчыне ў 1930-х гадах асабліва частымі былі выступленні сезонных рабочых і сяльчан супраць прыгнёту. Адно з іх самае масавае і вядомае ў гісторыі – Кобрынскае, або Навасёлкаўскае паўстанне, у якім актыўны ўдзел бралі і маларытчане.

Адным з арганізатараў гэтага паўстання – Васілём Пятровічам Ласковічам мне пашчасціла быць знаёмай. Васіль Пятровіч – чалавек незвычайнага лёсу, сапраўдны патрыёт сваёй радзімы, ба­раць­біт-падпольшчык, удзель­нік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, ветэран Вя­лікай Айчыннай вайны, пісь­меннік. За арганізацыю і ўдзел у Навасёлкаўскім-Паўлопальскім паўстанні, якое адбылося ў жніўні 1933 года, быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення.

З Васілём Пятровічам апошні раз сустракаліся ў пачатку 2000 гадоў, у яго працоўным ка­бінеце, скрозь застаўленым кнігамі, фотадакументамі і ліс­тамі. Васіль Пятровіч тады працаваў над чарговай кнігай, якая прысвячалася дзейнасці камуністычнай партыі ў Заходняй Беларусі. Тады гэты мужны і незвычайны чалавек і расказаў пра Навасёлкаўскае паўстанне, паўлопальскую ячэйку КПЗБ, свой арышт, страшныя турэмныя здзекі ў засценках канцэнтрацыйнага лагера, які знаходзіўся ў Бярозе-Картузскай.

Нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, Васіль Ласковіч, якога, на жаль, ужо няма разам з намі, валодаў фенаменальнай памяццю. Вось што пісаў у сваіх успамінах легендарны падпольшчык: «У 1924 годзе ў Паўлопалі была арганізавана ячэйка КПЗБ. Рыгор Цімашук, Трафім Грабайла, Ігнат Дзямянка і Іван Субота стварылі групу супраціўлення. З цягам часу да іх далучыліся Канстанцін Грабайла, Раман Мацюк, Іван Лісковіч, Сямён Казловіч, Рыгор Грабайла, Аляксей Багдановіч, Іларыён Альшэўскі, Кірыл і Аляксей Грабайла, Еўдакія Грышкевіч. Члены падпольнай ячэйкі Паўлопаля сталі арганізатарамі паўстання сялян у вёсцы Навасёлкі».

Згодна з рашэннем Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ ад 4 жніўня 1933 года сяляне Кобрынскага павета павінны былі пайсці ў маёнтак памешчыкаў Малачэўскіх з патрабаваннем выплаты сялянам запазычанасці за палявыя работы. Паўлопальскі падрайком пад кіраўніцтвам Лявонція Багдановіча вырашыў спачатку разабрацца з паліцэйскімі і ваеннымі асаднікамі на сваёй тэрыторыі, а затым рушыць у Радванічы.

У сваіх мемуарах Васіль Лас­ковіч прыгадвае, што, уз­броіў­шыся, сяляне напалі на паліцэйскі па­старунак у вёсцы Навасёлкі, раз­зброілі асаднікаў, знішчылі тэлефонную сувязь. Больш чым сто сялян, узброеных вінтоўкамі, ружжамі, рэ­валь­верамі, шаблямі, віламі, косамі і сякерамі, не­калькі гадзін трымалі ў асадзе ўчас­так, але сілы былі няроўныя. Ат­рымаўшы з Брэста падмацаванне, паліцыя хутка ра­загнала паўстанцаў. Аднак вы­ступленне так напалохала ўлады, што 5 жніўня ўрад Польшчы аб’явіў ваеннае становішча на Палессі. У Кобрынскі і суседнія паветы ўлады сцягнулі паліцыю і вайс­ковыя часці. Пачаліся ма­савыя аблавы, вобыскі і арышты.

Актыўныя члены КПЗБ Л. Багдановіч, І. Кі­цель, В. Ніканчук, А. Гузюк, С. Казловіч,І. Лісковіч, Р. Мацюк, Р. Цімашук, інструктар ЦК КПЗБ Рэгіна Каплан былі аддадзены пад ваенна-палявы суд, які адбыўся восенню 1933 года ў Кобрыне. У абарону арыштаваных, якім пагражала смяротная кара, па закліку КПЗБ і камуністычнай партыі Польшчы па ўсёй Заходняй Беларусі і Польшчы прайшлі мітынгі пратэсту, дэманстрацыі рабочых і выступленні сялян, пад уплывам якіх смяротны прыгавор васьмі чалавекам з Паўлопаля быў заменены пажыццёвым зняволеннем. Звыш 30 чалавек асуджаны да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.

Сотні нашых землякоў прай­шлі праз пекла і пакуты аднаго з самых жудасных канцэнтрацыйных лагераў смерці, што знаходзіўся ў Бярозе. Лагер быў створаны ў 1934 годзе на месцы былых вайсковых казарм. Праіснаваў страш­ны канвеер катаванняў і здзекаў над людзьмі пяць гадоў, у ім пабывалі тысячы рэвалюцыянераў і нязгод­ных з паланізатарскай палітыкай Польшчы жыхароў Заходняй Беларусі і Заходняй Ук­раіны. Гісторыя захавала імёны камендантаў лагера – гэта Баляслаў Гроффнер і Юзеф Камала-Курганскі. А вось колькасць зняволеных і закатаваных нават і да нашага часу невядомая.

Польскія даследчыкі называюць лічбу 3 тысячы асуджаных. Хаця па ўспамінах былых вязняў атрымліваецца зусім іншая лічба – каля 10 тысяч чалавек пабывала ў Бярозе-Картузскай і адчула на сабе ўвесь той жах, які рабіўся там за калючым дротам. Страшныя нечалавечыя здзекі чынілі палякі над вязнямі лагера, мэтай іх было зламаць волю чалавека, давесці яго да жывёльнага стану, пазбавіць магчымасці думаць, змагацца і нават жыць.

Пра звярыную жорсткасць, якая панавала ў лагеры, расказваў адзін з яго вязняў – Васіль Ласковіч. Зняволеных не толькі білі, але і прымянялі псіхалагічныя катаванні. З чатырох гадзін і дацямна людзі там працавалі. Але ў асноўным праца была бессэнсоўнай. Напрыклад, сто вязняў капаюць траншэю, а за імі столькі ж чалавек яе засыпаюць. Адны цягаюць ка­мяні ў адзін бок, другія іх пераносяць назад. І гэтак што-дзень. Размаўляць вязням катэгарычна забаранялася, а ўсе перамяшчэнні па тэрыторыі лагера – толькі бягом. Зняволеныя ўтрымліваліся ў камеры па 30-40 чалавек. Ні ложкаў, ні нар у лагеры не было. Вязні спалі на сенніках без падушак, якія ляжалі на голай зямлі. Асноўным дысцыплінарным па­караннем быў карцар, які зна­ходзіўся ў складскім па­мяшканні. Нават летам тэмпература там не падымалася вышэй нуля градусаў.

Васіль Ласковіч расказваў, што за любую правіннасць асуджаных жорстка білі, пры­мушалі не толькі цяжка пра­цаваць, але і амаль да поўнага знясілення муштравалі. Напрыклад, загадвалі хадзіць на паўсагнутых нагах, адзін за адным ці на каленях поўзаць па каменні. Але ніякія катаванні ды здзекі не маглі зламаць волю і моцны дух подпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. У верасні 1939 года страшная турма перастала існаваць. Польска-панскаму рэжыму, які ўста­ляваўся амаль на дваццаць гадоў, быў пакладзены канец. І што б там ні гаварылі нека­торыя зласліўцы, а Чырвоная Армія сапраўды прынесла на тэрыторыю Заходняй Беларусі вызваленне, і ў беларускіх вёсках і мястэчках чырвонаармейцаў сустракалі кветкамі і частавалі хлебам-соллю.

14 лістапада 1939 года трэ­­цяя пазачарговая сесія Вяр­хоўнага Савета БССР пас­та­навіла: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэс­публікі і ўз’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве».

Падрыхтавала Кацярына Яцушкевіч