У гонар Кобрыншчыны, у славу кабрынчан
20 ліпеня 1944 года Кобрын быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта да гэтай даты штогод прымяркоўваецца святкаванне Дня горада.
Мы помнім кожнага з тых, хто аддаў жыццё за нашу свабоду і незалежнасць. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза Арсеній Марозаў, які загінуў падчас вызвалення Кобрыншчыны. У скверы, названым у яго гонар, прайшоў урачысты цырыманіял ускладання кветак да помніка, устаноўленага ў гонар перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Выдатным падарункам да свята стаў каляровы фантан, які размясціўся дзякуючы кобрынскім камунальнікам каля аквапарка. Так працягнулася добрая традыцыя адкрываць да Дня горада новыя аб’екты. Урачыстую цырымонію правялі старшыня Кобрынскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і дырэктар КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ” Сяргей Ялец. Перарэзана сімвалічная стужка, і вясёлыя струмені вады ўліліся ў святочную атмасферу, якая ў гэты дзень ахапіла ўвесь горад.
Урачыстае адкрыццё святкавання Дня города “З днём нараджэння, горад Кобрын” прайшло ў амфітэатры. З віншавальнымі словамі да кабрынчан звярнуўся Міхаіл Грышкевіч.
– Дзень горада Кобрына – гэта свята тых, хто тут нарадзіўся і вырас, хто аднойчы прыехаў, каб застацца назаўсёды, – адзначыў Міхаіл Міхайлавіч. – У гэты дзень мы аддаем даніну павагі тым, хто ўклаў у яго развіццё свой талент і майстэрства. Сёння на Кобрыншчыне стабільна працуюць прадпрыемствы, будуецца жыллё і сацыяльныя аб’екты, павышаецца якасць адукацыі, аховы здароўя і інш. Усё гэта – заслуга многіх пакаленняў таленавітых кабрынчан.
Да цёплых віншаванняў далучыўся Генеральны консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Ігар Канякін:
– Кобрын – гэта працавітыя, таленавітыя кабрынчане, якія любяць сваю Радзіму і працуюць для таго, каб яна квітнела і развівалася. Гэта горад з багатай гісторыяй, культурай, традыцыямі. Тут, на гераічнай кобрынскай зямлі, вельмі ўважліва ставяцца да дасягненняў старэйшых пакаленняў, шануюць подзвігі савецкіх воінаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Беларусь для Расійскай Федэрацыі заўсёды будзе галоўным саюзнікам і партнёрам.
Урачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва “Мы славу Кобрына працай памножым” правёў Міхаіл Грышкевіч. Адзін за другім на сцэну падымаліся прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, медыцыны, устаноў культуры, спартсмены, шматдзетныя сем’і, працоўныя дынастыі і многія іншыя кабрынчане, якія ўнеслі свой уклад у развіццё нашага рэгіёна і ўсёй краіны. Пад апладысменты прысутных дыпломы і памятныя падарункі атрымалі пераможцы агляду-конкурсу па ўзорным санітарным утрыманні горада і захаванасці жыллёвага фонду.
Шэраг узнагарод у гэты дзень знайшоў супрацоўнікаў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музею імя А.В. Суворава, які сёлета адзначае сваё 75-годдзе. Кабрынчане па праве ганарацца музеем, які з’яўляецца сапраўднай турыстычнай жамчужынай нашага краю. Падзякай міністра культуры Рэспублікі Беларусь была адзначана дырэктар музея Алена Бабенка і загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Алена Рысь.
Як адзначыў старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, не ўсе госці змаглі прыехаць на свята Кобрына ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй – віншавальныя адрасы з гарадоў-пабрацімаў, у тым ліку Ліўнаў, Ціхарэцка, Гусева засведчылі моцныя братэрскія сувязі паміж народамі Беларусі і Расіі.
Дзмітрый БЯЛОЎ
Фота: Дзмітрый Бялоў