Прогноз погоды
Вс, 11 мая 2025

На працягу ужо трох пакаленняў нашчадкі Сяргея Пархуціка застаюцца ў Хідрах, свядома выбіраючы працу на роднай зямлі

02/07/2021

Добрая сям’я – як моцнае дрэва, што цягне высока ў неба маладыя зялёныя парасткі, але не адрываецца і ад глебы, цвёрда трымаючыся за яе сваімі каранямі. Для працоўнай дынастыі, пачатак якой у цяжкі пасляваенны час даў жыхар вёскі Хідры, партызан і заснавальнік калгаса «Зара» Сяргей Пархуцік, такой глебай стала любоў да роднай зямлі. А яшчэ – памяць пра ўсіх, хто аддаў жыццё за яе свабоду і незалежнасць.

Працоўная дынастыя нашчадкаў Сяргея Пархуціка з дзецьмі і блізкімі ўскладае кветкі да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызанаў у аграгарадку Хідры. Фота: Дзмітрый Бялоў

-Усялякага давялося пабачыць і цяжкасцяў паспытаць, – успамінае дачка Сяргея Пархуціка і адна са старэйшых прадстаўнікоў дынастыі Лідзія Хурсіна. – У калгас працаваць прыйшла ў 14-гадовым узросце ў 60-я гады, а скончыла працу ў 2000-м аператарам на свінакомплексе. Ні аб чым не шкадую. І дзеткамі Бог узнагародзіў, і ўнукамі, і праўнукамі.

Дарэчы, праўнукаў у Лідзіі Сяргееўны ўжо 11. На працягу вось ужо трох пакаленняў нашчадкі Сяргея Пархуціка застаюцца ў Хідрах, свядома выбіраючы працу на роднай зямлі.

Толькі ў СВК «Узыходзячая зара» сёння працуе 10 прадстаўнікоў слаўнага сямейства, сярод іх – галоўны бухгалтар гаспадаркі Ларыса Гурава, загадчык майстэрняў Андрэй Гураў, будаўнікі Уладзімір Гураў і Міхаіл Ігнацюк, механізатар Аляксандр Ігнацюк. Памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе «Сонейка», які знаходзіцца на балансе гаспадаркі, працуе Вікторыя Гурава, а прадстаўніца сярэдняга пакалення дынастыі, Вольга Ігнацюк – кухарам. Свой уклад у развіццё гаспадаркі ўносяць Алена Міхалюк – загадчык ведамаснай пральні, Валянціна Дзмітрук – аператар свінагадоўчага комплексу, Іна Чарнякевіч – кухар сталовай. Вось такая вялікая працоўная сям’я, якой па плячы любыя справы.

– Не ведаю, навошта кудысь-ці ехаць са сваёй малой радзімы, – усміхаецца шчаслівы бацька двух дзяцей Уладзімір Гураў. – Тут мы ўсе побач, дапамагаем адзін аднаму па жыцці, наша сям’я ўласнымі сіламі будуе дом. А самае галоўнае, жывем на сваёй зямлі.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь вялікая дынастыя сабралася каля помніка ў Хідрах – тут у брацкай магіле пахаваны савецкія воіны і партызаны, загінулыя падчас Вялікай Айчыннай вайны, і ўвекавечана памяць 37 аднавяскоўцаў, якія сталі ахвярамі вайны. Дарослыя і дзеці нясуць да помніка жывыя кветкі як сімвал вечнай удзячнасці за мірнае неба і за свабоду. І пакуль гэтая памяць разам з пашанай да працы будзе перадавацца на нашай зямлі з пакалення ў пакаленне, можна быць упэўненымі – нам не страшныя ніякія нягоды.

Дзмітрый БЯЛОЎ

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости