“Вайна мяне не пакідае”. Успаміны вязня фашысцкага канцлагера “Азарычы” Аркадзя Цітова…

– Чалавеку на тое і дадзена жыццё, каб пераадольваць цяжкасці. Магчыма, многія са мной і не згадзяцца. Яно-то так, лепш, безумоўна, без клопату і турбот пражыць. Але той, хто не ведае, што такое гора, не зведае ў поўнай меры і цану шчасця, – лічыць Аркадзь Цітоў.

За плячыма ў майго субяседніка 85 гадоў жыцця, жыцця няпростага, поўнага іспытаў і выпрабаванняў. Але толькі адну старонку з тоўстага сшытка біяграфіі Аркадзь Пятровіч хацеў бы вырваць.

– Але што зменіцца, калі спалю я гэты ліст? Сатрэцца з памяці перажытае? Не, яно даўно ўжо стала часткай мяне, маім болем. Украдзенае дзяцінства… Так кажуць пра нас, чыё маленства прыпала на гады вайны, – разважае Аркадзь Пятровіч.

Напачатку вайны майму герою было ўсяго пяць гадоў. Пра тое, як вайна страшнай навалай уварвалася на яго радзіму – Гомельшчыну, помніць цьмяна. Згадвае, што жылося вельмі цяжка. Сям’я з сямі чалавек часта галадала. Гаспадарку разрабавалі немцы, харчаваліся як маглі. Збіралі грыбы, ягады, сушылі іх на зіму. Але самае страшнае здарылася тады, калі ў паветры ўжо лунаў подых свабоды. 10 сакавіка 1944 года  сям’я Цітовых трапіла ў канцэнтрацыйны лагер «Азарычы».

Кароткая даведка:

Канцэнтрацыйны лагер «Азарычы»  (лагер смерці) – комплекс нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў, размешчаных у сакавіку 1944 года на тэрыторыі Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (зараз Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Складаўся з трох лагераў: першы знаходзіўся непадалёку ад мястэчка Дзерць, другі – каля пасёлка Азарычы, трэці – каля вёскі Падасіннік. У канцлагеры ўтрымлівалася каля 50 тыс. чалавек ( у асноўным непрыгодныя для прымусовых работ – старыя, інваліды, хворыя , жанчыны з малымі дзецьмі), загінула не менш 20-ці тыс. – большасць беларусы і рускія.

– У той дзень бацьку, маці і нас, пецярых дзяцей, а таксама многіх жыхароў Жлобіна немцы пагрузілі ў грузавік і вывезлі спачатку ў лагер пад Дзерць. Гэта была частка забалочанай тэрыторыі пад адкрытым небам, агароджаная калючым дротам. Людзей там трымалі як паддоследных для выпрабоўвання на іх біялагічнай зброі. Збегчы адтуль было немагчыма – куля адразу б дагнала. Там мы былі некалькі дзён, пасля чаго нас перавезлі ў Азарычы. Разам з іншымі вязнямі мы сталі жывой мішэнню, прыкрыццём для нямецкай арміі, якая адступала. Немцы разлічвалі на тое, што, калі Чырвоная Армія натрапіць на лагер палонных, яна пачне займацца іх выратаваннем. За гэты час фашысты планавалі спакойна адысці, – згадвае Аркадзь Пятровіч.

Кармілі вязняў адзін раз у дзень – чарпак поліўкі і невялікі кавалак хлеба з разліку на чатырох чалавек.

 – Людзі паміралі ад тыфу, голаду і холаду. Мы вымушаны былі спаць на трупах, каб не замёрзнуць у балоце, – працягвае субяседнік. – Згадваю тыя страшныя малюнкі і нават зараз не магу зразумець, што дапамагло выжыць нашай сям’і ў тых жудасных умовах. Пасля ўсяго перажытага я, як ніхто іншы, разумею, што такое шчасце, і цаню кожную хвіліну, якую дорыць новы дзень.

Сваёй пачэснай працай на карысць роднага народа Аркадзь Цітоў здабыў славу і пашану. Вялікую частку жыцця ён аддаў развіццю фізічнай культуры і спорту на Кобрыншчыне, 27 гадоў абараняў інтарэсы педагогаў, узначальваючы Кобрынскую раённую арганізацыю прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Зараз Аркадзь Пятровіч узначальвае рух вязняў Кобрынскага раёна і галоўнай задачай лічыць увекавечванне гераічнага подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вялікую ўвагу надае выхаванню ў падрастаючага пакалення патрыятычных пачуццяў, таму часта бывае ў навучальных установах Кобрыншчыны:

– Пакаленне, якое перажыло вайну, у пэўнай ступені нясе адказнасць перад моладдзю. Ёй будаваць сённяшні дзень, фарміраваць будучыню. І толькі на моцным падмурку, якім з’яўляецца наша гераічнае мінулае, мы можам мацаваць дзяржаву. Маладое пакаленне павінна ведаць усю праўду пра тую вайну, а праўда – яна адна, як бы хто ні хацеў яе перакроіць, ведаць, хто ёсць пераможца, а хто здраднік. Тым, хто імкнецца перапісаць гісторыю, ісціна не патрэбна, яна патрэбна нам, каб у нашых дзяцей больш ніхто не ўкраў дзяцінства.

Алена БАКУН

Фота аўтара