Аляксандр ЗАЗУЛЯ: “Новы статус – новыя магчымасці”

23 кастрычніка ў Мінску ў час першага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь былі  выбраны старшыні парламенцкіх камісій. Прыемна, што ў іх ліку цяпер і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Кобрынскай выбарчай акрузе Аляксандр Зазуля. Рэдакцыя газеты “Кобрынскі веснік” шчыра віншуе народнага выбранніка з адказнай і высокай пасадай. Аляксандр Іванавіч узначальвае Пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. У інтэрв’ю нашай газеце ён расказаў аб тым, з якім настроем і думкамі распачаў справы на новай пасадзе.

– З 29 кастрычніка па 4 лістапада  традыцыйна працую ў сваёй выбарчай акрузе, ажыццяўляю прыёмы грамадзян. Абавязкі старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце для мяне асабіста – гэта не толькі дадатковая адказнасць і нагрузка, але і новыя магчымасці. Такі статус дазволіць яшчэ больш  комплексна і эфектыўна прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў Кобрыншчыны на высокім узроўні. У склад маёй каманды ўвайшлі яшчэ шэсць дэпутатаў, кожны з якіх мае дастатковы тэарэтычны і практычны  вопыт работы ў многіх важных сферах – юрыспрудэнцыі, эканоміцы, палітыцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, менеджменце і інш. Усяго ж такіх заканатворчых органаў у беларускім парламенце чатырнаццаць, а іх старшыні ўваходзяць у Савет Палаты прадстаўнікоў.

Разам з калегамі ў бліжэйшай перспектыве плануем выпрацаваць механізмы па лібералізацыі Выбарчага кодэкса, разглядаем магчымасці для ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Закон аб дзяржаўнай службе, у тым ліку і тых пазіцый, якія тычацца дэбюракратызацыі ў рабоце дзяржструктур і інш. Таксама ў кампетэнцыю маёй камісіі ўваходзіць маніторынг сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі. Уся праблематыка абагульняецца.

На падставе атрыманай на працягу шэрагу гадоў інфармацыі лічу, што найбольш эфектыўны спосаб дасягнення эканамічнага ўздыму Кобрыншчыны  – выхад на поўную самаакупнасць. Гэта дазволіць у самыя кароткія тэрміны вырашыць вострыя пытанні з добраўпарадкаваннем вуліц, будаўніцтвам дарог, каналізацыйных камунікацый, газаправодаў, належным фінансаваннем мясцовай сістэмы аховы здароўя, культуры і інш.

Неабходна імкнуцца выкараніць у кіраўнікоў памылковую псіхалогію – маўляў, інвестараў мы на Кобрыншчыну прыцягнулі, а далей – як атрымаецца. Чамусьці мала хто задумваецца, якое развіццё атрымаюць гэтыя інвестыцыі, які бюджэт яны будуць папаўняць. Напрыклад, у райцэнтры будуецца супер- ці гіпермаркет. Гэта, безумоўна, вялікі плюс для спажыўца, але, на жаль, не заўсёды для мясцовай эканомікі, таму што бізнес гаспадароў гэтага праекта зарэгістраваны  ў абласным цэнтры, сталіцы ці наогул за мяжой.

Менавіта таму бачу ў якасці першараднай задачы як дэпутата – ў межах прававога поля знайсці магчымасці для прадастаўлення рэальных прэферэнцый і льгот для тых інвестараў, якія жадаюць адлічаць падаткі на карысць раёна.

Хочацца, каб у распрацоўцы і рэалізацыі падобных ініцыятыў актыўна ўдзельнічалі кіраўнікі ўсіх узроўняў, а таксама працоўныя калектывы, звычайныя грамадзяне, якія, перакананы, здольныя ўносіць свае канструктыўныя прапановы. Разам мы зможам многае.

Гутарыў Раман МЕЛЬНІК.

фота аўтара

Аляксандр ЗАЗУЛЯ: “Новы статус – новыя магчымасці”: 1 комментарий

  • 13/11/2012 в 10:09
    Permalink

    С повышением по должности Вас, Александр Иванович!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *