Марына Алесік з ААТ “Любань” аб штодзённым клопаце за жывёламі

Марына Алесік на працоўным месцы.

Штораніцы кожнага з нас на рабоце нехта альбо нешта чакае: каго пацыенты, каго дзеці, паперы альбо аўто. А некаторых – жывёлы, за якімі патрэбны карпатлівы штодзённы догляд.

Менавіта на плечы заатэхнікаў у першую чаргу кладзецца клопат пра жывёл на малочнатаварных комплексах і фермах гаспадарак. І найчасцей – гэта жаночыя плечы.

Марына Алесік з ААТ “Любань” мае спецыяльнасць ветэрынара – за плячыма Віцебская “Ордэна Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, але ў гаспадарцы працуе заатэхнікам.

Марына – дзівінчанка. Дома заўжды была свая гаспадарка – бацькі трымалі і свіней, і птушку, і кароў, так што для дзяўчыны праца з жывёламі ў навінку не была. Пасля акадэміі па размеркаванні трапіла ў ААТ “Белавежскі”, але там працавала толькі год – выйшла замуж і паехала на малую радзіму. Дарэчы, зараз муж таксама працуе ў гаспадарцы ветурачом.

– Безумоўна, праца ветурача і заатэхніка адрозніваецца. Калі ветэрынар займаецца непасрэдна лячэннем жывёл, то заатэхнік сочыць за іх асемяненнем, утрыманнем, рацыёнам, кармленнем. Штодня я сачу за ўтрыманнем пяці груп буйной рагатай жывёлы, асобна – за цялятамі. Ад правільнасці рацыёну, тэхналагічнасці ўсіх працэсаў залежыць стан здароўя кароў і тое, ці дабавіцца работа ветурачам, – расказвае Марына.

У гаспадарцы яна з улікам дэкрэтнага водпуску – восем гадоў. За гэты час добра вывучыла ўсе нюансы працы, дасканала ведае ўсе ўчасткі работы, а атрыманая спецыяльнасць дапамагае падмяняць калег.

– Калі неабходна, я магу падмяніць і ветурача, і лабаранта, і загадчыка комплексу, – расказвае Марына.

За час яе работы ў гаспадарцы змянілася некалькі кіраўнікоў. З сённяшнім дырэктарам Віктарам Свянтэцкім, па словах заатэхніка, гаспадарка адчула новае дыханне.

Са слоў Марыны, калі ўзнікае нейкае пытанне, то кіраўніцтва стараецца вырашыць яго на працягу аднаго дня, калі патрабуецца больш часу  – усё роўна пытанне будзе вырашана.

Праца на комплексе – няпростая. Самы складаны перыяд, безумоўна, зіма – не салодка прыйшлося калектыву і жывёле ў сёлетні люты, але з усім справіліся.

На пытанне пра пераезд у горад Марына на хвіліну задумалася і пасля адказала:

– Ды няма такіх прычын, па якіх хацелася б у адзін момант усё кінуць і кудысьці паехаць. Пакуль мяне усё задавальняе.

Людміла ПАШКОВІЧ/Vkobrine.by

Фота аўтара