Выбар зроблены!
Не паспелі ў мінулую нядзелю адкрыцца ўчасткі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, як туды рушылі першыя выбаршчыкі. Адным з тых, хто вырашыў не адкладваць выкананне свайго грамадзянскага абавязку, стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Семянюк – якога мы сустрэлі ў гэты дзень самым першым каля ўвахода ў Кобрынскі каледж будаўнікоў, дзе размясціўся ўчастак №7.
– Лічу, што прыняць удзел у выбарах абавязаны кожны чалавек, які лічыць сябе грамадзянінам, – разважае Мікалай Рыгоравіч. – Гэта – наша ўлада, якую мы выбіраем самі для сябе – і для нашай краіны. І заставацца ўбаку гэтага працэсу, на мой погляд, проста немагчыма.
Гэтыя словы можна лічыць своеасаблівым лейтматывам выбарчай кампаніі, за ходам якой мы назіралі ў нядзелю. Менавіта іх у розных інтэрпрэтацыях мы часцей за ўсё чулі на выбарчых участках ад пенсіянераў, людзей сталага ўзросту і ад моладзі, якая яшчэ толькі пачынае свой шлях па жыцці… Людзі прыходзілі па аднаму і разам з сябрамі і суседзямі, парамі і цэлымі сем’ямі. Вось і муж і жонка Ігар і Вольга Нічыпарук наведалі свой выбарчы ўчастак №11 у Кобрынскім мастацкім каледжы разам з дачушкай Арынай – як і сям’я Галавейка, якую мы сустрэлі на ўчастку ў СШ №4. Як адзначалі маладыя бацькі, прымаючы ўдзел у выбарах, яны галасавалі за тых людзей, якія будуць распрацоўваць законы – па якіх, у сваю чаргу, будзем жыць мы самі і нашы дзеці. Такім чынам, займаючы актыўную грамадзянскую пазіцыю сёння, мы робім свой уклад у наша заўтра.
Дарэчы, выбарчы ўчастак №11 у мастацкім каледжы стаў месцам для яшчэ адной знакавай падзеі – менавіта тут у дзень выбараў вырашыла прагаласаваць маладая пара – Сяргей і Надзея Рудскія, для якіх выкананне гэтага грамадзянскага абавязку стала часткай шлюбнага рытуалу. Дарэчы, зразумелі сур’ёзнасць моманту і члены выбарчай камісіі – дарогу вясельнаму картэжу перагарадзілі традыцыйным сталом з караваем, а маладыя пасля віншавання атрымалі памятныя падарункі.
Як паведаміў старшыня акружной выбарчай камісіі Кобрынскай выбарчай акругі №12 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання Аляксандр Лесік, яўка выбаршчыкаў склала 79,8%. За захаваннем законнасці ў ходзе выбараў сачылі назіральнікі з самых разнастайных грамадскіх арганізацый – як беларускіх, так і замежных. Наведаў Кобрыншчыну ў рамках сваёй паездкі па Беларусі і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Расійскай Федэрацыі Уладзімір Чураў.
Падводзячы вынікі, можна адзначыць, што выбары прайшлі ў спакойнай рабочай атмасферы. Як адзначыў начальнік Кобрынскага РАУС Максім Субота, парушэнняў грамадскага парадку на выбарчых участках зарэгістравана не было. Людзі зрабілі свой выбар – на карысць стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.