Лепшыя вучні Кобрыншчыны атрымалі ўзнагароды

Галіна Радковіч уручае дыплом I ступені за перамогу на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы вучню 8-га класа дзіцячага сада-сярэдняй школы №4 Аляксандру Бялову.

Перамога ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – высокая планка і адначасова – добры трамплін для далейшых дасягненняў. 

У тых, хто здолеў заняць высокія прыступкі п’едэстала, наперадзе самае адказнае – абарона звання лепшых на абласным этапе. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённых прадметных алімпіяд з удзелам старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіны Радковіч і галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Рымы Левінсон прайшла ў Кобрынскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці.

Як адзначыла Галіна Радковіч, за кожнай перамогай стаіць напружаная праца як вучняў і педагогаў, так і бацькоў. 

Пасля навагодняга відэавіншавання ад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолія Ліса распачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Усяго дыпломы пераможцаў па розных вучэбных прадметах атрымалі 115 хлопцаў і дзяўчат, 41 кабрынчанін будзе пацверджваць свае веды на абласных прадметных алімпіядах. Абласны этап алімпіяды пройдзе ў Брэсце, Баранавічах, Драгічыне,  Маларыце, Пинску. Кобрын у чарговы раз прыме ўдзельнікаў алімпіяды па працоўнаму навучанню. Няма сумненняў – зусім хутка мы даведаемся аб новых перамогах нашых залатых дзяцей, якія ўжо сёння робяць усё магчымае, каб абараніць гонар раёна.

Аляксандр СЫЦІН.

Фота аўтара.