Пад крыламі творчасці

Актыўныя ўдзельнікі народнага аматарскага аб’яднання “Белый аист” з Галінай Балахоўскай  (4-я ў другім радзе).

Што рабіць творчай асобе, калі душа яе, як у той птушкі, што пасадзілі ў залатую клетку, –  прагне палёту, калі сэрцу цесна ад мастацкіх вобразаў і паэтычных радкоў, калі хочацца то крычаць ад болю і несправядлівасці, то спяваць ад шчасця? Так, трэба даць магчымасць  рэалізаваць свае памкненні. Напэўна, у кожнага з 32 удзельнікаў народнага аматарскага аб’яднання “Белый аист”, што дзейнічае пры ўстанове культуры “Кобрынскі Палац культуры”, былі свае матывы, якія прывялі іх у агульную суполку, але ўсіх іх, безумоўна, аб’ядноўвае любоў да мастацтва ў самым шырокім яго разуменні, жаданне развівацца і ўдасканальвацца, магчымасць бачыць сваю аўдыторыю і яе рэакцыю на новыя творы.

Паэты, празаікі, музыканты… Настаўнікі і медыцынскія работнікі, будаўнікі і прадаўцы, пенсіянеры і школьнікі… Самаму малодшаму з іх -14, самаму старэйшаму -76. А разам ім -15 гадоў! Усяго або ўжо?! Тут ужо, як паглядзець. Калі лічыць па колькасці зробленых спраў, рэалізаваных ідэй і праектаў, то занадта многа. Мяркуйце самі.
   Толькі за апошнія тры гады выйшлі ў свет кнігі вершаў  “буслоўцаў” – Васіля Ярмашука, Дзмітрыя Лесіка, Міхаіла Чайнікава, Галіны Балахоўскай, Наталлі Сацуты, Валянціны Клачковіч, аповесць Васіля Нявесценкі “Петля Уркана”.

Асобна хочацца сказаць пра адну (не пабаюся гэтага слова) з самых яркіх паэтак аб’яднання – Надзею Момлік. Па выніках Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Живая строка” яна была прызнана паэтам 2018, 2019 гадоў. Ёй было уручана пасведчанне ўдзельніка “Міжнароднай асацыяцыі пісьменікаў і публіцыстаў”. 13 чэрвеня 2019 года  ў Мінску ў Палацы Рэспублікі  ва ўрачыстай атмасферы адбылася прэзентацыя кнігі Надзеі Момлік “Память храним”. Яе творчая спадчына налічвае 8 зборнікаў паэзіі  на беларускай, рускай і мясцовай (дыялектнай) мовах. Пейзажная, філасофская, патрыятычная, любоўная лірыка… Нейкай адной тэмай аўтар не абмяжоўвае сябе – усё залежыць ад настрою. У багажы паэткі ёсць і 4 зборнікі вершаў для дзяцей. Вершы Надзеі Момлік не раз друкаваліся ў міжнародным літаратурна-мастацкі альманаху “Созвездие-3”, “Созвездие-4”,  міжнародным альманаху “Ступені”.

Каб дасягнуць дасканаласці, нельга спыняцца ў сваім развіцці, трэба не баяцца выносіць на суд шырокаму колу чытачоў свае творы і слушна рэагаваць на крытыку.  “Буслоўцы” гэта добра разумеюць, як і тое, што трапяткой душы заўсёды патрэбна падтрымка. За апошнія гады кабрынчане з мэтай абмену вопытам наладзілі добрыя адносіны са сваімі калегамі з замежжа, дзе іх творчасць была таксама высока ацэнена. Вершы буслоўцаў не раз друкаваліся на старонках украінска-беларускага часопіса “Справа”, зборнік вершаў і казак  Марыі Кірылюк і Зоі Майстровіч быў выдадзены ў Польшчы.

Удзельнікі аб’яднання з вялікім поспехам выступаюць на розных фестывалях і святах. Заўсёды прывозяць  шматлікія ўзнагароды. “Вялікі шансон” у Баранавічах, рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”,  руска-англійскі конкурс імя Набокава, фестываль аўтарскай і бардаўскай песні “Менестрэль -2019”… Цяжка пералічыць усе пляцоўкі, на якіх ужо сарвалі апладысменты залы”буслоўцы”.

– Наша задача – гэта не толькі сябе паказаць. Праз сваю творчасць – вершы, песні, казкі – мы імкнемся выхаваць асобу, прывіць ёй найлепшыя чалавечыя якасці, любоў і павагу да матчынага слова, да мясцін, дзе чалавек нарадзіўся і жыве, – расказвае Галіна Балахоўская, якая нядаўна ўзначаліла аб’яднанне.
Як заўважыла Галіна Андрэеўна, ёй лёгка і вельмі прыемна працаваць са сваімі калегамі-аднадумцамі, і гэта ў тым ліку дзякуючы таму, што зрабіла для свайго калектыву яе папярэднік Людмілай Лазюк:

– Працягваць добрыя традыцыі – мой святы абавязак, што я разам з калегамі раблю. Штогод мы збіраемся на калядныя чытанні, на мерапрымствы, прысвечаныя Дню ведаў, Дню беларускага пісьменства, Дню беларускай мовы, сусветнага дню паэзіі. З вялікім нецярпеннем чакаюць заўсёды “буслоўцы” лета, бо ведаюць, што лета – гэта фестываль бардаўскай песні і паэзіі “Сонечны”, які традыцыйна праводзіцца з мэтай падтрымкі і развіцця жанру бардаўскай песні, раскрыцця новых творчых імёнаў, аказання дапамогі творчаму росту аўтараў і выканаўцам песень. Калі б не пандэмія каранавірусу, то ў 2020 годзе фестываль адбыўся б 9 раз. Але мы верым, што пройдзе час, і ўсё стане на свае месцы – традыцыя вернецца.

Не, нездарма аб’яднанню ў 2014 годзе было прысвоена ганаровае званне  “народнае” –   творчая дзейнасць “буслоўцаў” зразумелая і вельмі блізкая кожнаму з нас. Іх  плённая дзейнасць на карысць роднага краю была ацэнена і ў сакавіку 2020 года, калі яны ў чарговы раз пацвердзілі званне “ народнага”. І пазіцый сваіх “буслоўцы” здаваць не збіраюцца.

Алена БАКУН.

Фота з архіва аб’яднання.