Адкрыты дыялог у Кобрыне: простай мовай аб складаных рэчах
Як захаваць “халодную галаву” ва ўмовах інфармацыйнага ціску, з чаго пачаць уласную справу, з якіх каштоўнасцяў пачынаецца сапраўдная сям’я – гэтыя і іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі падчас адкрытых дыялогаў “Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь” і “Беларусь –гэта мы”, якія прайшлі ў Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы і Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання. У сустрэчах прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Раман Мельнік, памочнік пракурора Кобрынскага раёна Раман Гушчын, прадстаўнікі ГА “БРСМ”, бізнесу, дабрачынных аб’яднанняў і шырокай грамадскасці.
Перад навучэнцамі каледжа выступае намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык
Пасля прагляду відэафільма аб тэхналогіях і заказчыках “каляровых рэвалюцый” адбыўся жывы дыялог. Як адзначыў Валянцін Трубчык, моладзь у нашай краіне знаходзіцца пад асаблівай увагай. На Кобрыншчыне створаны выдатныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, для вядзення здаровага ладу жыцця, для ўсебаковага развіцця і самаўдасканалення. Існуючая інфраструктура дазваляе развівацца ў розных накірунках. Валянцін Васільевіч звярнуў увагу моладзі на грамадскія ініцыятывы, у тым ліку дабрачынныя, і падкрэсліў, што гэтая дзейнасць папулярная ў свеце.
Аб адказнасці, якая наступае за неабдуманыя дзеянні, расказаў памочнік пракурора Кобрынскага раёна Раман Гушчын. Ён падкрэсліў, што са старажытных часоў перамога ў войнах дасягалася не толькі зброяй, але і словам. Рысы інфармацыйнай вайны праяўляюцца і ў нашым грамадстве, праз замежныя інтэрнет-рэсурсы ідзе паток бруднай прапаганды. Памочнік пракурора нагадаў, што некаторыя з такіх рэсурсаў уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і папярэдзіў моладзь аб наступствах за іх распаўсюджванне.
Пытанні ад навучэнцаў Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа
Вялікую цікавасць прысутных вызвалі аповеды кобрынскіх бізнесменаў Сяргея Панасюка, Сяргея Амельянчука і Васілія Новіка, якія расказалі пра тое, як яны прыйшлі ў бізнес, падкрэсліўшы, што маладосць – гэта выдатны час для таго, каб вучыцца і атрымліваць новыя веды. Усе жадаючыя атрымалі запрашэнне наведаць мерапрыемствы “Школы бізнеса”, якая працуе ў нашым горадзе і аказвае дапамогу як маладым, так і вопытным прадпрымальнікам. Як падкрэсліў Сяргей Амельянчук, для таго, каб добра зарабляць, зусім не абавязкова пераязджаць у сталіцу ці іншую краіну – паспяхова весці сваю справу можна і ў родным горадзе ці вёсцы.
Перад навучэнцамі каледжа выступае памочнік пракурора Кобрынскага раёна Раман Гушчын
Аб рабоце ініцыятыўнай групы “Крылы анёла” расказала яе лідар Наталія Кавалёва, якая прапанавала навучэнцам каледжа далучацца да дабрачыннай дзейнасці і аказваць пасільную дапамогу тым, каму яна патрэбна. Пасля выступленняў экспертаў моладзь атрымала магчымасць задаць ім свае пытанні, на якія былі атрыманы і кампетэнтныя адказы. Удзельнікі дыялогу дамовіліся працягваць такія сустрэчы і адзначылі іх вялікі ўплыў на прававую і сацыяльную адукацыю моладзі.
Дзмітрый БЯЛОЎ / vkobrine.by
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ