В Кобринской Школе молодого руководителя обучались 27 человек.
Дзевяць месяцаў для 27 членаў школы маладога кіраўніка пры райвыканкаме праляцелі ў адзін момант. За гэты перыяд лепшыя навучэнцы выпускных класаў Кобрына разам з куратарам гэтага праекта – начальнікам аддзела па справах моладзі райвыканкама Сяргеем Кожухам – удзельнічалі ў захапляючых экскурсіях на вядучыя прамысловыя прадпрыемствы Кобрыншчыны – СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынаграмаш”, “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”, хлебазавод і інш., пазнаёміліся з сельскагаспадарчай сферай раёна, пабывалі ва ўстановах праваахоўнага профілю і нават у беларускім парламенце.
І вось у канцы мая ў гарадскім Палацы культуры з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Валянціна Трубчыка і Сяргея Кожуха адбылася выніковая сустрэча з членамі школы маладога кіраўніка. Валянцін Васільевіч правёў з рабятамі жывы дыялог, у працэсе якога выпускнікі дзяліліся сваімі пазітыўнымі ўражаннямі.
Валянцін Трубчык выказаў спадзяванні, што пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў учарашнія слухачы школы маладога кіраўніка вернуцца на малую радзіму і абавязкова знойдуць магчымасці для рэалізацыі сваіх ведаў і няўрымслівай энергіі. Ад усёй душы рабяты падзякавалі кіраўніцтву раёна за насычаную праграму гэтага праекта. Ва ўрачыстай абстаноўцы з рук Валянціна Трубчыка яны атрымалі пасведчанні аб заканчэнні школы маладога кіраўніка і сфатаграфаваліся разам на памяць.
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Валянцін Трубчык і Сяргей Кожух разам з навучэнцамі школы маладога кіраўніка.
Фота аўтара.