Дзякуючы неабыякавасці людзей. Падарунак для Яны Данілюк з Кобрына

Выхоўваць дзіця з асаблівасцямі развіцця – цяжкае выпрабаванне для бацькоў. Калі на лячэнне дзіцяці патрэбны вялікія фінансавыя сродкі, справіцца ўласнымі сіламі вельмі цяжка. Беларусы – людзі з чулай душой, і не пакідаюць такія сем’і ў складаных абставінах. Рэабілітацыйнае крэсла «Zebra Invento» з’явілася ў сям’і Аляксандра і Ганны Данілюк для маленькай дачкі Яны таксама дзякуючы неабыякавасці людзей.

Злева направа: лідар групы “Крылы анёла” Наталля КАВАЛЁВА, Валянцін ТРУБЧЫК, юрысконсульт Кобрынскага ТЦСАН Людміла БОТВІЧ і дырэктар Кобрынскага ТЦСАН Наталля ОСІПАВА уручаюць новае крэсла Ганне і Яне ДАНІЛЮК

Мы ведалі пра сітуацыю ў гэтай сям’і і вырашылі акумуляваць сродкі Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, – расказвае намеснік старшыні райвыканкама, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Валянцін Трубчык. – З дапамогай дабрачыннай групы “Крылы анёла” была сабрана неабходная сума. Новае крэсла – еўрапейскага ўзроўню. У рамках праграмы рэабілітацыі дзіцяці мы плануем і далей дапамагаць бацькам дзяцей з асаблівасцямі развіцця набываць такое абсталяванне.

Рэабілітацыйнае крэсла «Zebra Invento» прызначана для дзяцей з дэфіцытам рухальнай сістэмы, якія маюць цяжкасці з прыняццем паставы седзячы. Яно выраблена з экалагічнай драўніны і бяспечных матэрыялаў, мае ў тым ліку пнеўматычны пад’ёмнік нахілу сядзення, які значна павышае плаўнасць пераходу паставы і спрошчвае працэс рэгуліроўкі. Новае крэсла павысіць якасць жыцця маленькай Яны, паскорыць яе рэабілітацыю.

Дзмітрый БЯЛОЎ

Фота аўтара

Служба навін vkobrine.by