Пелагея Балка – адна з старэйшых жыхароў вёскі Лелікава

Пелагея Балка.

– Шчасце? Ды што я старая вясковая жанчына з 4-ма класамі польскай школы разумею ў гэтым? Скажу толькі адно: на маім вяку (а гераіня 1 верасня адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей) ўсякага ліха хапала, але цікавасці да жыцця я ніколі не губляла, – заўважае жыхарка вёскі Лелікава Пелагея Балка.

Пелагея Сяргееўна – адна з старэйшых жыхароў вёскі. Як і іншыя доўгажыхары, якіх у мястэчку не так многа засталося, шмат пра што з былога расказаць можа.

– Калі распачалася Другая сусветная вайна і немцы напалі на Польшчу, бацьку забралі ў польскую армію. Ён у палон тады трапіў, добра, што потым яго выпусцілі, а то не ведаю, як бы маці адна з малымі дзецьмі і гаспадаркай справілася, – згадвае Пелагея Паўлаўна сваё дзяцінства.

Спакой у вёсцы быў нядоўга.

– На пачатак Вялікай Айчыннай вайны мне было 11 гадоў было. Немцы ўжо на другі дзень вёску захапілі.  Каменданцкі час уводзілі, злачынствы розныя чынілі… Аднойчы сагналі ў суседнюю хату і малых, і старых – усіх, хто пад рукі трапіў, сказалі чакаць рашэння па адпраўцы ў Германію. Дык два чалавекі ўцяклі і схаваліся ў старым хляве непадалёку. Немцы, як даведаліся, запалілі хлеў… А яшчэ помню, як па-зверску фашысты расправіліся з яўрэйскай сям’ёй Хаіма. Хаім добрым кавалём на вёсцы быў. Расстралялі і яго, і жонку з дзвюма дочкамі. Нават не далі пахаваць па-чалавечы. Калі школу новую будавалі, астанкі сям’і знайшлі…

Згадвае Пелагея Сяргееўна, як многіх вяскоўцаў у час вайны тыф падкасіў. Іх сям’я хварэла вельмі цяжка:

– Тэмпература такая вялікая была, што ад болю не ведалі, куды дзецца.  Лекаў ніякіх у вёсцы не было: у каго імунітэт мацнейшы быў, той і выжыў. Немцы баяліся ў хаты заходзіць, вешалі спецыяльныя таблічкі на дзвярах, дзе былі хворыя на тыф.

 Пасля вайны на людзей у вёсцы бандэраўцы яшчэ доўга страх наганялі, гаспадаркі рабавалі, двары палілі. Помніць мая субяседніца і страшны 1947 год – галодны, неўрадлівы.

– Ведаеце, але ўсё роўна мы з верай у шчасце жылі. Збіраліся на вячоркі. Дзяўчаты вязалі, вышывалі. У вясковых хлопцаў ад немцаў губныя гармонікі захаваліся, дык яны такія танцы нам ладзілі. Грошай не было. Калі выпадала лішняя капейка, каб сукенку новую ў горадзе на базары купіць, то якое гэта шчасце было – пакрасавацца ў ёй. Зараз у нашых дзяцей усё ёсць, а ўсё роўна гавораць: грошай мала. Не грошай мала, а агню ў вачах.

Замуж за вясковага хлопца Паўла Пелагея выйшла ў 1957 годзе. Разам яны выхавалі дзвюх дачок і двух сыноў. Ніколі не баяліся ніякай працы. Пелагея Сяргееўна працавала тэхнічкай у школе. Помніць час, калі яшчэ ў старой драўлянай школе печ дровамі тапілі, у ёй дзецям чай варылі. Муж Павел Сяргеевіч усё жыццё працаваў у мясцовым калгасе.

– Так і памёр на полі – кароў калгасных пасвіў. Да ўрачоў ніколі не звяртаўся. Можа, і балела што… Ужо амаль 40 гадоў прайшло. Дзеці разляцеліся, у іх свой клопат. А я адна.  Гаспадарку ўжо не трымаю. Мне мая суседка – сацыяльны работнік – Алена Шапяцюк дапамагае.

Сама Пелагея Сяргееўна кожную нядзелю ў царкву ходзіць:

– Шкада, будынак царквы згарэў. Але маліцца трэба. З богам у душы заўсёды жыць. Мне вось малодшы сын кажа: “ Ты б паберагла сябе. Не хадзіла пакуль туды, дзе людзей многа. Хвароба, каранавірус…” Я столькі хвароб бачыла, што мне няма ўжо чаго баяцца.

Алена БАКУН.

Фота аўтара.