Праз лічбы ў лес ці, калі ў працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб прыёме на работу – Кобрынскі лясгас

Ад усмешкі Святланы Камарчук, якой яна сустрэла мяне ў планава-эканамічным сектары Кобрынскага вопытнага лясгаса, здавалася, пасвятлела ў кабінеце. У працоўнай кніжцы жанчыны толькі адзін запіс аб прыёме на работу – Кобрынскі лясгас, у якім яна працуе ўжо больш за трыццаць гадоў.

Некалі дзяўчына з сям’і педагогаў з Камянецкага раёна выбрала для сябе спецыяльнасць інжынера-эканаміста лясной прамысловасці ў найстарэйшай профільнай ВНУ Савецкага саюза – Ленінградскай ордэна Леніна лесатэхнічнай акадэміі імя С.М. Кірава.

Чаму менавіта туды? Хацелася паўночную сталіцу паглядзець, – удакладняе Святлана Аляксееўна. – А лес я заўсёды любіла, таму хацелася быць бліжэй да гэтай сферы.

Вучоба давалася лёгка. Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-эканаміста лясной прамысловасці,  спачатку размеркавалася на Гомельшчыну, затым – на Брэстчыну.

– Мне прапанавалі пасаду бухгалтара ў Брэсце або эканаміста ў Кобрынскім лясгасе. Хацелася працаваць па спецыяльнасці, таму і выбрала Кобрын, – расказвае субяседніца.

Святлана Аляксееўна прызнаецца, што спачатку было складана: даводзілася заседжвацца на рабоце, менш надаваць увагі дачушцы і мужу, з якім пазнаёмілася зусім выпадкова – прыйшоў замяніць ёй балконную раму.

Набыўшы вопыт, мела час і на сям’ю, і на грамадскае жыццё.

Здаецца, што цікавага можа быць у прафесіі эканаміста, толькі лічбы ды табліцы, але Святлана Камарчук так захоплена расказвае пра сваю работу, што абвяргае гэтую думку.

– Канешне, ёсць штодзённая руцінная праца, якую выконваць можа і нет так цікава, але калі з гэтых крупіц пасля складаецца вялікая карысная інфармацыя, калі на паперы з’яўляецца, напрыклад, новы бізнес-план або разлікі кошту прадукцыі, разумееш, што працуеш недарма, – падкрэслівае спецыяліст.

Святлана Аляксееўна, як і яе калегі, не заседжваецца ў кабінеце.

– Даволі часта мы выязджаем ў лес – на лесасекі і ў цэх перапрацоўкі драўніны, дзе патрэбна рабіць рэвізію гатовай прадукцыі. У нас праходзяць выязныя пасяджэнні, усім калектывам удзельнічаем ў пасадцы лесу і ў іншых акцыях. Дарэчы, калектыў у нас вельмі дружны, кіраўніцтва заўсёды прыслухоўваецца да меркаванняў спецыялістаў – каб прыняць найбольш рацыянальнае рашэнне.

Грамадскае жыццё ў лясгасе стаіць асобным радком ў біяграфіі Святланы Камарчук .

– Калі была маладзейшая, пастаянна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, на лыжах хадзіла, займала нават прызавыя месцы, – успамінае субяседніца. – На лыжныя спаборніцтвы нават у Францыю ездзіла.

Як казначэй прафкама, Святлана Аляксееўна з’яўляецца  адным з арганізатараў свят лясгаса.

– Калі віншуем нашых работнікаў са знамянальнымі датамі ці святочнымі днямі, стараемся рабіць гэта крэатыўна – усе атрымліваюць прыгожыя падарункі асабіста: аб’язджаем усе лясніцтвы. Кожнае свята стараемся арганізаваць цікава і запамінальна, – заўважае Святлана Аляксееўна.

За свой доўгі працоўны шлях жанчына атрымала не адну ўзнагароду.

Я лічу, што кожны павінен працаваць сумленна, каб было адчуванне, што нечага не зрабіў. Любая праца дасць вынік, калі ў яе ўкладаць душу.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.