21 год лепшыя па збожжы: ААТ “Агра-Кобрынскае” пабіла новы рэкорд
ААТ “Агра-Кобрынскае” пабіла новы рэкорд: сёлета гаспадарка малаціла збожжавых ў сярэднім 77 ц на круг. На Брэстчыне гэта лепшы паказчык ураджайнасці. У мінулым годзе сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы была 72 ц/га.
Іван Гусак правярае якасць захоўвання збожжа з кладаўшчыком цэнтральнага складаНадзеяй Горнавай.
А 30 гадоў назад, калі ў ААТ “Агра-Кобрынскае” прыйшоў працаваць галоўны аграном Іван Гусак, сярэдняя ўраджайнасць вагалася каля 26 ц/га. Дзякуючы самаадданай працы аграрыяў вось ужо 21 год запар яны лепшыя па гэтым паказчыку ў раёне.
Па словах галоўнага агранома, важным фактарам выдатнага ўраджаю з’яўляецца бездакорнае выкананне тэхналогіі сяўбы. Безумоўна, вялікую ролю адыгрываюць гатункі збожжа, угнаенні, апрацоўка глебы, сродкі абароны раслін, севазварот.
– У нас бальнасць глебы самая вялікая ў раёне – 41,8, а кожнае наша дзеянне накіравана на карысць будучаму ўраджаю, – расказвае Іван Іванавіч.
Гаспадарка мае невялікія пасяўныя плошчы – 570 га. Са збожжавых тут у асноўным вырошчваюць пшаніцу. Сёлета парадавалі яравыя гатункі – больш за 80 ц/га, а на некаторых палях было і па 110 ц/га.
– Збожжа было шмат, бункер камбайна напаўняўся за 20 хвілін, – згадвае жніво Іван Іванавіч.
Аграрыі не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і спадзяюцца, што ў будучым годзе абавязкова паб’юць свой жа рэкорд.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.