«З клопатам аб будучыні Радзімы»: у Кобрыне прайшоў адкрыты дыялог з моладдзю

Беларуская моладзь – актыўная, крэатыўная, у поўнай меры ўсведамляе сваю адказнасць за будучыню краіны. Гэта пацвердзіў адкрыты дыялог “Беларусь: учора, сёння, заўтра”, арганізаваны Кобрынскім раённым камітэтам ГА “БРСМ” пры падтрымцы райвыканкама, які 4 жніўня прайшоў на ратондзе ў парку імя А.В. Суворава. На правах галоўнага эксперта дыялога на пытанні маладых кабрынчан адказаў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык.

Валянцін Трубчык адказвае на пытанні ўдзельнікаў адкрытага дыялогу.

– З моманту атрымання незалежнасці ў 1991 годзе Рэспубліка Беларусь выбрала свой шлях развіцця, – адзначыў Валянцін Васільевіч. – І сёння многія з зайдрасцю глядзяць на нашу адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, ахову правапарадку і іншыя дасягненні. Безумоўна, зроблена шмат, але калі мы жадаем жыць лепш, то павінны адкрыта і шчыра гаварыць і аб тым, што трэба палепшыць, і прыкладаць да гэтага нашы агульныя намаганні.

Зацікаўленасць жыццём свайго рэгіёна і сваёй краіны “чырвонай ніткай” ішла праз увесь дыялог. Аднымі з самых актуальных пытанняў сталі перспектывы Кобрыншчыны ў бліжэйшыя пяць гадоў. Валянцін Трубчык адзначыў, што наша  краіна будзе ісці тым самым курсам еўрапейскіх дзяржаў, якога прытрымліваецца, і Кобрыншчына будзе развівацца разам з ёй, у тым ліку робячы акцэнт на развіцці малога і сярэдняга бізнесу, на стварэнні пляцовак для прыцягвання капіталу. Намеснік старшыні райвыканкама праанансаваў і некаторыя змены ў сацыяльнай сферы, сярод іншага адзначыўшы, што ў мікрараёне №4 з’явіцца новы дзіцячы сад-пачатковая школа, а Кобрынская ЦРБ папоўніцца рэнтгенкамп’ютарным тамографам і новым апаратам ультрагукавага даследавання.

Не засталіся без увагі і існуючыя праблемы. Так, у ходзе размовы была закранута тэма дэмаграфіі. Валянцін Васільевіч канстатаваў, што, на жаль, беларусы пакуль нараджаюць менш дзяцей, чым трэба для падтрымання ўзроўню насельніцтва, аднак адзначыў, што сітуацыя ў нашых бліжэйшых суседзяў, на Украіне, у Літве, Латвіі ў гэтым плане значна больш складаная, чым у нас. Таксама ўвага моладзі была звернута на развіццё грамадскіх ініцыятыў, з дапамогай якіх можна эфектыўна вырашаць многія праблемы, на неабходнасць пастаянна працаваць над сабой і максімальна выкарыстоўваць час для вучобы і самаўдасканалення.

Сустрэча прайшла ў фармаце жывога дыялогу. Акрамя пытанняў аб развіцці рэгіёна моладзь цікавілася поглядам намесніка старшыні на такія тэмы, як абавязковае размеркаванне, жыццё моладзі на сяле, сапраўднае сяброўства і многія іншыя. На ўсе пытанні былі атрыманы поўныя і кампетэнтныя адказы. Завяршыўся вечар на ўрачыстай ноце – Валянцін Трубчык і першы сакратар Кобрынскага РК ГА “БРСМ” Марына Палявода ўручылі прызы пераможцам анлайн-конкурсаў, якія праводзіліся пад эгідай ГА “БРСМ”.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.