Прогноз погоды
Ср, 02 июля 2025

Ураджай на “тысячнікаў” працягваецца на Кобрыншчыне

03/08/2020

Трэці экіпаж-“тысячнік” - Віктар Левашэня і Дзмітрый Нічыпарук гатовы стартаваць ў поле.

Кожная ўборачная кампанія адрозніваецца адна ад адной. Але гаспадаркі прыкладваюць усе свае намаганні, каб ураджай прыбраць з мінімальнымі стратамі і з найвышэйшымі паказчыкамі.

ААТ “Пакроўскі”, зараз адным з лідараў па ўраджайнасці ў раёне – 48,3 ц/га, мае восем экіпажаў, з якіх два сталі другім і трэцім “тысячнікамі” ў раёне. Яны, як кажуць, дыхалі адзін аднаму ў спіну, малоцячы свае “тысячы”.

Пераможнай планкі камбайнеры дасягнулі познім вечарам 28 ліпеня, таму спрытных работнікаў віншавалі наступным ранкам. Дождж і невялікія паломкі тэхнікі ўнеслі карэктывы ў працу, таму экіпажы мы засталі на мехдвары гаспадаркі.

Віншаваць камбайнераў прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй Лукіянчык, старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Алег Гангала, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук.

Экіпаж Юрыя Сідарука і Сяргея Цецерука – другі “тысячнік” у раёне. Быць у лідарах для камбайнераў не ў навінку, кожная тысяча тон як чарговы выклік. Юрый Сідарук шчыруе ў ААТ “Пакроўскі” 17 гадоў, да гэтага працаваў у іншай гаспадарцы і ўсе акалічнасці працы добра ведае. Мужчына адзначае, што сёлета, у адрозненні ад мінулага года, менш палеглага хлеба.

Механізатар Сяргей Цецярук у гаспадарцы амаль 10 гадоў, ва ўборачнай удзельнічае не першы раз. Пройдзе жніво – знойдзецца для яго іншая работа, але не менш адказная.

А вось Дзмітрый Нічыпарук і Віктар Левашэня разам працуюць першы год, але гэта не перашкодзіла ім намалаціць сваю “тысячу”. Дзмітрый яшчэ працуе і на адвозцы збожжа. Такі добры вынік можа даць толькі зладжаная праца. Дарэчы, Дзмітрый Нічыпарук у мінулым годзе быў вадзіцелем-лідарам у раёне на адвозцы збожжа.

Віктар Левашэня, як і іншыя яго калегі, - вопытны механізатар і не першы раз на жніве. Ён працуе таксама і на ворыве, і на ўборцы кукурузы.

Аграрыям былі выказаны словы падзякі не толькі ад гасцей, але і ад кіраўніцтва гаспадаркі. Як заўважыў дырэктар Яўген Нічынгер, паміж механізатарамі было ўсяго 80 тон розніцы, але яны не спаборнічалі паміж сабою, а працавалі на агульны вынік. Мужчынам былі ўручаны грашовыя сертыфікаты і сувенірныя футболкі і кепкі.

Яўген Нічынгер, Андрэй Лукіянчык, камбайнеры Юрый Сідарук, Сяргей Цецярук, Віктар Левашэня, Дзмітрый Нічыпарук, Алег Гангала.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.

 

Поделиться в соцсетях: