Дзівінскае вяселле ў дубовым абліччы

З 5 па 11 ліпеня на беразе возера Любань праходзіў 17-ы абласны пленэр разьбяроў паркавай сульптуры.

Штогод пленэр мае розную тэматыку і праводзіцца ў розных кропках вобласці. Ён прысвячаецца жыццю беларускіх класікаў альбо знакавым гістарычным падзеям. З-пад разцоў і стамесак разьбяроў з дрэва “нараджаліся” героі “Пінскай шляхты”, постаці беларускіх асветнікаў, героі Грунвальдскай бітвы.

Сёлета пленэр прымеркавалі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, што плануецца ладзіць у Дзівіне. Паказаць свае таленты і праверыць на трываласць кобрынскія дубы вызваліся восем майстроў з розных куткоў краіны – з Мінска і Мінскай вобласці, Гомеля, Баранавічаў, Драгічына, Камянца, Брэсцкага раёна.

Пленэр меў назву “Дзівінскае вяселле”. Разьбяры на працягу тыдня выразалі з дуба вясельную кампазіцыю: маладых, сваху, свата, бацькоў ды музыкаў.

У дзень адкрыцця пленэра разьбярам, каб яны адчулі непаўторны каларыт мясцовага побыту, выявілі адметнасці мясцовых нацыянальных касцюмаў, была праведзена экскурсія па Доме рамёстваў Дзівінскага цэнтра культуры і вольнага часу.

На працягу тыдня майстры, падпітваючыся пазітыўнай энергетыкай дзівінскай прыроды і прыгажосцю возера Любань, працавалі над сваімі вобразамі. Каб кампазіцыя была гарманічнай, трэба было не толькі стварыць герояў у адным стылі, але і прадумаць дэталі, напрыклад, паварот галавы таго ці іншага персанажа.

І вось, 11 ліпеня ў цэнтры Дзівіна, на пляцоўцы каля будынка пошты з’явілася паркавая скульптура. Драўляныя музыкі “выконваюць” свае вясельныя прыпеўкі на лаўцы, заклікаючы праходжых прысесці побач. Упэўнена, што яна стане для дзівінчан і іх гасцей папулярнай фотазонай.

Па сюжэце, маладых сустракаюць бацькі, побач – сват і сваха. Па задумцы аўтараў, малады – з вёскі Лелікава. У вобразе лелікаўскай свахі майстар павінен быў адлюстраваць не толькі яе вясёлы нораў, але і адметнасці касцюма – пер’е на галаўным уборы, “вочкі” на адзенні. Нагадаем, што ў 2018 годзе касцюму лелікаўскай свахі быў нададзены статус гісторыка-культурнай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

На ўрачыстым адкрыцці кампазіцыі прысутнічаў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, які павіншаваў разьбяроў з удалым пленэрам і ўручыў ім граматы. Варта заўважыць, што сярод удзельнікаў быў народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельнік шматлікіх конкурсаў і выстаў Анатоль Туркоў.  Дарэчы, менавіта ён выконваў вобраз свахі.

Таксама словы падзякі за добрую работу выказаў і намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык. У сваю чаргу разьбяры падзякавалі за выдатна арганізаваны пленэр. Майстры заўважылі, што Дзівін, хоць яшчэ і знаходзіцца на этапе падрыхтоўкі да “Дажынак”, ужо мае выдатны выгляд, і заклікалі жыхароў беражліва адносіцца да пазітыўных змен у аграгарадку.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.