Хто шчыруе – той мае

Пётр Макарук з ААТ “Дружба народаў”.

Прафсаюзы пастаянна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы ў сельскія гаспадаркі раёна, дзе кантралююць умовы працы аграрыяў. Часта прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый выязджаюць і з іншай місіяй – каб падзякаваць ім за старанную працу.

Так, нядаўна старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук разам са старшынёй гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Алегам Гангала і галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Аксанай Данілюк наведалі тры гаспадаркі, каб уручыць пісьмы падзякі ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК.

Так сталася, што ўсіх механізатараў, якія ўшаноўваліся,  мы знаходзілі на мехвары – хтосьці рыхтаваў тэхніку да выхаду ў поле, хтосьці займаўся рамонтам.

Аляксандр Ляўчук з ААТ “Кісялёўцы” працуе ў гаспадарцы больш за 20 гадоў. На нарыхтоўцы кармоў звычайна задзейнічаны на кашэнні, а так шчыруе на кормаўборачным камбайне. Васіль Лазарчук уручыў механізатару Пісьмо падзякі і выказаў надзею, што гэта не апошняя іх сустрэча па такой прыемнай нагодзе. Цёплыя словы прагучалі і ад Алега Гангала і Аксаны Данілюк.

У ААТ “Навасёлкаўскі” некалькі месяцаў назад змяніўся кіраўнік, сёння таварыства ўзначальвае Андрэй Скакун. Гаспадарка перажывае пэўныя фінансавыя цяжкасці, але, як адзначыў дырэктар, галоўнае – паболей працалюбівых і адказных работнікаў, такіх, як механізатар Аляксандр Кекала. Яму таксама было ўручана Пісьмо падзякі. Аляксандр Анатольевіч таксама працуе ў гаспадарцы больш за 20 гадоў. Тут працавалі яго бацькі, так што пасля школы шлях ў сельскую гаспадарку быў выбраны свядома. У мінулым годзе ў механізатара была ўжо адна ўзнагарода ад РА РГА “Белая Русь”, а вось абласнога ўзроўню – першая.  Механізатар працуе на трамбоўцы, пагрузцы, выконвае іншыя работы, збіраецца пад час жніва на камбайн – для механізатара гэта будзе трэці сезон уборачнай кампаніі.

Пётр Макарук з ААТ “Дружба народаў” працуе ў гаспадарцы ўжо 35 гадоў. Сам механізатар родам з аграгарадка Воса, так што як і для іншых яго калег, угоддзі гаспадаркі даўно сталі роднымі і знаёмымі да сантыметра.

Прыемным дапаўненнем да ўзнагарод сталі грашовыя прэміі.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.