В Кобрине состоялось торжественное возложение в честь 75-й годовщины Победы в Великой Отечественной войне

У гэтым годзе мы адзначаем асобую дату –75 гадоў таму назад прагучаў доўгачаканы салют. Ён паставіў кропку ў страшнай вайне, якая стала трагедыяй для мільёнаў людзей. Разам з усёй нашай краінай, якая прыняла на сябе першы варожы ўдар, Кобрыншчына адзначыла 75-годдзе Вялікай  Перамогі.

Урачысты мітынг прайшоў у скверы імя А.І. Марозава – у цырымоніі ўскладання вянкоў да помніка ў гонар 40-годдзя  Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, прадстаўнікі Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”, Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў Афганістана”, Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, прафсаюзаў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Уладзімір КУЗІЧ, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў:

  • Наконт правядзення параду ў сталіцы нашай Радзімы сёння можна пачуць розныя думкі. 75-годдзе Вялікай Перамогі – гэта дата, якая для нашага народа з’яўляецца важнейшай у гісторыі. Людзі гінулі на франтах, абараняючы сваю Айчыну, яны не баяліся смерці. І мы таксама павінны адзначыць гэтую падзею годна і ўшанаваць памяць тых, хто аддаў сваё жыццё, павіншаваць ветэранаў, якія сёння жывуць сярод нас. Гэта – наш святы абавязак.

Раман ВАБІШЧЭВІЧ, навучэнец Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, валанцёр:

  • Памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай, аб тых, хто загінуў на яе палях – гэта святая памяць. У час гэтай вайны вырашалася пытанне, ці будзе ўвогуле існаваць наша нацыя, наш народ, які гітлераўцы хацелі знішчыць. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашай краіне да Дня Перамогі – гэта жывы напамін аб подзвігу, які ў свой час здзейснілі нашы продкі. Мы павінны пранесці гэтую памяць праз усё жыццё і перадаць яе нашым нашчадкам.

На жаль, з-за няпростай эпідэмічнай сітуацыі ў мерапрыемстве не змаглі прыняць удзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Валянцінам Трубчыкам сама завітала да іх у госці. Валянцін Васільевіч і першы сакратар Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” уручылі ветэранам юбілейныя медалі і каштоўныя падарункі, а таленавітыя артысты Кобрынскага Палаца культуры пад акампанемент баянаў забяспечылі святочную канцэртную праграму пад адкрытым небам. Відовішчным элементам праграмы стаў ганаровы эскорт, якім дэлегацыю забяспечылі прадстаўнікі мотаклубаў “Рускія матацыклісты”, “Iron Brothers MCC” і “8 рэгіён МСС”. Музычныя віншаванні ў гэты дзень гучалі для Агаф’і Казловай, Яўгеніі Мароз, Васілія Даўгуна, Фёдара Катаўшчыкова. Выступленні артыстаў знайшлі жывы водгук у сэрцах кабрынчан, якія радасна віталі святочную калону. Рэакцыя простых кабрынчан стала лепшым доказам таго, што пазбавіць нас гэтага свята не здолеюць ніякія абставіны. Заключным акордам яркага і насычанага дня стала песня “Дзень Перамогі”, якую ўсе ўдзельнікі святочнай дэлегацыі выканалі на плошчы Леніна.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ.