Тэма Вялікай Айчыннай вайны з года ў год застаецца дамінантнай ў дзейнасці Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

       Дрэвы забылі пра буры і страты,

  Раны свае загаіла зямля.

  Толькі нічога забыць не змагала ты,

  Памяць мая.

М. Танк

Ніхто не забыты, нішто не забыта

Усё больш час аддаляе нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, але памяць аб знамянальнай сусветна-гістарычнай даце Вялікай Перамогі застаецца. 75 мірных гадоў прайшло з часу залпаў святочных салютаў 1945 года, але тая вясна застанецца вечным сімвалам подзвігу.

Свята Перамогі – гэта, перш за ўсё, памяць. А памятаць можна толькі тое, што ведаеш, таму трэба захоўваць, расказваць, каб не перарвалася гэтая нітка памяці… Ведаць і памятаць неабходна для таго, каб не дапусціць паўтору жахаў катастрофы, каб наступныя пакаленні не забывалі пра тых, каму трэба быць удзячным за мірнае неба над галавою, за магчымасць жыць, працаваць, вучыцца – і ніколі ў жыцці не ведаць, што такое вайна.  Памяць заклікае, дае сілы і выклікае веру. З яе мы чэрпаем сілы для новых здзяйсненняў.

Памяць і ўдзячнасць – галоўны лейтматыў работы бібліятэкі

Тэма Вялікай Айчыннай вайны з года ў год застаецца дамінантнай ў дзейнасці Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Супрацоўнікі ўстановы адзначаюць важнасць патрыятычнага, грамадзянскага выхавання і праводзяць работу ў дадзеным накірунку, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал формаў і метадаў бібліятэчнай дзейнасці. Абудзіць цікавасць да гісторыі Беларусі, выхаваць пачуццё гонару за гераічнае мінулае, выклікаць жаданне больш даведацца пра гэты перыяд гісторыі, актывізаваць работу ў патрыятычным выхаванні, а таксама пазнаёміць з літаратурай, якая ёсць у фондзе бібліятэкі па ваеннай тэматыцы, – мэта і задачы бібліятэкі.  

Бясспрэчна, такія вялікія знамянальныя даты, як 75-годдзе з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзе Вялікай Перамогі, надалі новы імпульс гісторыка-патрыятычнай рабоце бібліятэкі, паспрыялі ўсплеску ўвагі да гераічнага мінулага нашага краю. Цэнтральная бібліятэка шмат гадоў працуе па зборы дакументаў, назапашванні інфармацыі і распаўсюджванні сярод чытачоў матэрыялаў на розных носьбітах па гісторыі Кобрыншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гераічныя прыклады гісторыі краю служаць трывалым падмуркам патрыятычнага выхавання.

Фарміраванне паўнатэкставых краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў ваеннай тэматыкі

Традыцыйна, выконваючы краязнаўчыя запыты па ваеннай тэматыцы, супрацоўнікі бібліятэкі звяртаюцца да краязнаўчага фонду і тэматычных папак. Але ў сучасных умовах таксама шырока выкарыстоўваюцца тэхнічныя магчымасці. У апошні час стварэнне паўнатэкставых інфармацыйных рэсурсаў стала адным з накірункаў работы бібліятэкі. Як вынік – чатыры дастаткова поўныя, змястоўныя краязнаўчыя рэсурсы.

«Хатыні вогненныя сёстры: трагедыя спаленых вёсак Кобрыншчыны» налічвае на сённяшні дзень звыш 100 алічбаваных дакументаў. У Кобрынскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі спалены ці часткова знішчаны разам з людзьмі дзесяць вёсак. Інфармацыйны рэсурс прадстаўлены ўступным артыкулам «Нацысцкая палітыка генацыду і «выпаленай зямлі» на Кобрыншчыне», раздзеламі з кніг, перыядычных выданняў, архіўнымі матэрыяламі, успамінамі, картамі, схемамі, матэрыяламі сайтаў, фотаздымкамі. Ёсць рубрыка – успаміны сведак, сярод якіх відэаролік запісу ўспамінаў жыхаркі в. Лука Марыі Якаўчыц. Яе ўжо няма, а запіс захаваўся. Добра, што мы паспелі… Матэрыял рэсурсу – гэта напамін аб трагедыі, чорным мінулым, якое не павінна паўтарыцца нідзе і ніколі.

«Залатая зорка Кобрына: У. М. Кірмановіч» – гэты рэсурс прысвечаны Уладзіміру Мікалаевічу Кірмановічу – чалавеку, які для Кобрына назаўжды застаецца Ганаровым грамадзянінам і адзіным мясцовым Героем Савецкага Саюза. З пакалення ў пакаленне на Кобрыншчыне перадаецца памяць пра героя, які прымножыў славу нашай зямлі. Рэсурс прадстаўлены біяграфічным нарысам, паўнатэкставымі матэрыяламі з кніг, энцыклапедый, артыкуламі з газет і часопісаў аб нашым земляку, фатаграфіямі, спісам крыніц, налічвае каля 70 дакументаў.

З кожным годам усё менш на нашай зямлі застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай – жывых сведкаў ваеннага ліхалецця, самай страшнай трагедыі мінулага стагоддзя. Усё менш тых, хто памятае вайну не па чутках, а таму, што перажыў яе сам і можа расказаць пра яе як пра асабістае перажытае гора. Менавіта таму вялікую каштоўнасць набываюць іх успаміны аб падзеях, якія ў свой час вызначылі лёс усяго нашага народа. Шмат нашых землякоў прымала ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, ёсць сярод іх ураджэнцы Кобрыншчыны, а таксама тыя, хто звязаў свой лёс з нашым краем, жыў тут і працаваў.

Паўнатэкставы рэсурс «Салдаты Перамогі. Ветэраны Вялікай Айчыннай» на сённяшні час уключае 457 папак-персаналій ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Кобрыншчыны, напаўненне якіх складае больш 2 тысяч дакументаў. Работа не завершана, яна працягваецца…

 

«Кобрынскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны» – самы аб’ёмны з існуючых рэсурсаў ваеннай тэматыкі. Складаецца з 10 прадуктаў, большасць якіх можна лічыць самастойнымі: «Край у пачатку Вялікай Айчыннай вайны»; «Акупацыйны рэжым на тэрыторыі краю»; «Народная барацьба на акупіраванай тэрыторыі. Падпольны і партызанскі рух»; «Вызваленне краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»; «Генералы – ураджэнцы краю на франтах Вялікай Айчыннай вайны» і інш. Алічбаваны артыкулы перыёдыкі, раздзелы кніг, мемуары, успаміны, ваенныя хронікі, фотаздымкі. У раздзеле «Бібліяграфічныя выданні Кобрынскай цэнтральнай бібліятэкі па тэме «Вялікая Айчынная на Кобрыншчыне» прадстаўлены паказальнік «Хатыні вогненныя сёстры», бібліяграфічны летапіс «Яны вызвалялі наш горад», даведнік па вуліцам Кобрына, якія носяць імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны «Думаць пра жывых, памятаць аб загінуўшых», тэматычны зборнік «Памяць сэрца: тэма Вялікай Айчыннай вайны ў публікацыях А. М. Мартынава».

Усе пералічаныя вышэй краязнаўчыя рэсурсы ваеннай тэматыкі змяшчаюць матэрыялы, у якіх адлюстраваны асноўныя падзеі мінулай вайны на Кобрыншчыне, ваенныя вехі, праз якія прайшлі жыхары Кобыншчыны; змешчаны матэрыялы аб тых, хто ваяваў на франтах, змагаўся з ворагам у падполлі і партызанскіх атрадах, героях, якія навечна ляжаць у нашай зямлі. Мова галоўнай старонкі, частак і падраздзелаў – беларуская. Тэксты прыводзяцца на арыгінальнай мове. Раздзелы забяспечаны ўступнымі артыкуламі, якія дапамагаюць чытачам сістэматызаваць свае веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кобрыншчыне. Бібліяграфічныя звесткі аб крыніцах у выпадку неінфарматыўнасці назвы дапоўнены анатацыямі, каб арыентаваць у мностве прапануемых матэрыялаў і выбары неабходнай інфармацыі. Рэсурс увесь час падтрымліваецца ў актуальным стане, своечасова дапаўняецца новымі дакументамі.

Краязнаўчыя рэсурсы ваеннай тэматыкі цікавы шырокаму колу чытачоў, адрасуюцца работнікам культуры, адукацыі, студэнтам, навучэнцам, краязнаўцам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.

Праз гады і стагоддзі – помніце!

Па меры таго, як час няўмольна бяжыць наперад, і мінулае сыходзіць усё далей, важна захаваць гістарычную памяць пра тыя падзеі, вялікі патрыятызм і подзвіг пакалення пераможцаў. Мір, які нас акружае, не дазваляе забыць мінулае. Памяць пра вайну і Вялікую Перамогу жыве, натхняе, вучыць новыя пакаленні, як трэба любіць і абараняць Радзіму.  

Святлана КУРАЧУК, галоўны бібліёграф Кобрынскай цэнтральнай  раённай бібліятэкі.