Каб квітнела малая радзіма

Аграгарадок  Дзівін восенню будзе прымаць абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”. Падрыхтоўка да свята ўвайшла ў актыўную фазу.

Работы на найбольш значных аб’ектах пачаліся ўжо  ў сакавіку. У ліку першых у работу ўключыліся мясцовыя ўстановы і арганізацыі. На добраўпарадкаванні прылягаючых або замацаваных тэрыторый працавалі калектывы ААТ “Любань”, сельвыканкама, лясніцтва, пагранзаставы, участковай бальніцы, сярэдняй школы, дзіцячага дома і сада, райспажыўтаварыства, аптэкі і інш. У суботніках прынялі ўдзел больш за 15 працоўных калектываў Кобрынскага раёна. Асаблівая ўвага надаецца месцам агульнага карыстання, могілкам, культавым аб’ектам і прылеглым да іх тэрыторыям.

У аграгарадку вядзецца і вялікая рэканструкцыя: жылыя дамы, будынкі дзіцячага дома і школы ўцяпляюцца, тынкуюцца і рыхтуюцца да фарбавання.

У дзіцячым садзе ажыццяўляецца капітальны рамонт дзвюх груп, дзе ўжо ўсталяваны сучасныя шклопакеты, выканана тынкоўка столі і сцен, пракладаецца новая электраправодка. У пачатку лета плануюцца работы па рамонце харчблока,  аднаўленні цокалю будынка, гульнявых верандаў, укладка асфальтавага пакрыцця, вертыкальнае азеляненне.

Ідуць буйныя рамонтныя работы ў Дзівінскай участковай бальніцы, якая таксама набыла новыя аконныя блокі і дзверы, зараз перажывае  капітальны рамонт памяшканняў на першым паверсе.  Другая чарга работ – гэта дах, кухня, будынкі хуткай дапамогі, цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення,  пральні, дах гаражоў. 

Светлым зялёным колерам ужо вабіць мясцовае кафэ, але галоўныя перамены яшчэ наперадзе: тут плануецца цалкам памяняць знешні выгляд будынка і яго інтэр’ер. Ужо не пазнаць магазін райспажыўтаварыства, які вітае пакупнікоў новым убраннем: пасля заканчэння рамонтных работ ў ім з’явіліся новыя стэлажы, сучасныя палеты, каляровыя банеры. На днях  пасля капітальнага рамонту адчыніў свае дзверы фірмовы магазін ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” “Верас”, новае абсталяванне якога дазволіла значна пашырыць асартымент.  

Асноўныя работы выконваюць СПМК-22 г.Бярозы і ААТ “Палессежылбуд”, але свой пасільны уклад уносяць і работнікі на месцах. Так, рамонт будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №3 ажыццяўлялі спосабам гасразліку самі ўладальнікі.

– Большасць задумак атрымала належнае фінансаванне, застаецца толькі працаваць.  Часу на тое адведзена не так і многа, але пры правільнай арганізацыі работ укласціся ў вызначаныя тэрміны можна, – упэўнена старшыня Дзівінскага сельскага выканаўчага камітэта Вера Пікула, якая шчыра радуецца, што менавіта Дзівін стаў месцам для  правядзення такога важнага свята.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.

Фота аўтара.