“Звезда Рождества” засияла над Кобрином
У нядзелю ў Палацы культуры горада адбыўся трэці, заключны этап конкурсу калядных праграм і праваслаўных песнапенняў “Зорка Раства”, на які з’ехаліся ўдзельнікі з усяго раёна.
Як адзначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Надзея Жук, “арганізатары спецыяльна аб’ядналі свецкае і царкоўнае, таму што на сцэне творчыя калектывы ўзаемаўзбагачаюць адзін аднаго. А глядач мае магчымасць дакрануцца да шматвекавой праваслаўнай культуры. Менавіта такія падзеі кансалідуюць наша грамадства”.
Святочны настрой ствараўся ўжо ў фае Палаца культуры, дзе была прадстаўлена калекцыя паштовак на калядную тэму, асобна размясцілася цэлая выстава арт-ёлак і іншых экспанатаў з Дамоў культуры раёна.
Былі запрошаны епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, духавенства з ўсяго раёна, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. Выступалі царкоўныя хоры, выхаванцы нядзельных школ, калектывы Дамоў культуры раёна і Палаца культуры, эстрадныя калектывы горада. Свята атрымалася разнастайным па жанрах і па пастаноўках. Напрыклад, дзіцячы калектыў Хабовіцкага Дома культуры прадставіў цэлае тэатралізаванае прадстаўленне, а юныя ўдзельнікі калектыву “Таўкачыкі”, калядуючы, з кошыкамі прабеглі па зале. Сваю тэатралізаваную пастаноўку з каляднай зоркай паказаў народны фальклорны калектыў “Ліцвінянка” Батчынскага Дома культуры. З інструментальным нумарам выступіў струнны квартэт дзіцячай школы мастацтваў горада. Прыгажосць песнапення паказвалі царкоўныя хоры і вакальныя групы.
У канцы свята да ўдзельнікаў і гледачоў звярнуўся епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які падкрэсліў, што надышоў час, калі аб такім вялікім свяце свабодна могуць гаварыць і царква, і грамадства. Пажадаў усім удзельнікам, каб словы, якія былі сказаны са сцэны, не разыходзіліся з жыццём.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: хор Свята-Аляксандра-Неўскага сабора.
Вельмі прыгожае свята атрымалася!!!!
Рейтинг комментария:
0
0