Впервые ФК “Кобрин” стал чемпионом Брестской области.

Упершыню за пятнаццацігадовую гісторыю свайго існавання ФК “Кобрын” стаў чэмпіёнам Брэсцкай вобласці, літаральна разграміўшы ўсіх сваіх сапернікаў. Як адзначае старшы трэнер футбольнага клуба Аляксандр Куцэвіч, гэта сапраўды заканамерны вынік усёй шматгадовай работы, якая праводзілася на Кобрыншчыне.

Яшчэ ў 1996 годзе пры падтрымцы Кобрынскага гарвыканкама суполка энтузіястаў вырашыла стварыць футбольны клуб. І ўжо праз год нашы землякі вылучыліся сваёй яркай гульнёй у фінале чэмпіянату Брэстчыны. З таго часу на Кобрыншчыне распачалася новая эра развіцця футбольнага руху. Ствараліся каманды прадпрыемстваў і ўстаноў – “Камунальнік”(КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”),  “Трактар” (ААТ “Кобрынаграмаш”) і інш.

На сучасным этапе ФК “Кобрын” прадстаўляе сабой маналітны калектыў, які складаецца толькі з мясцовых рабят. Сярэдні ўзрост  ігракоў – 22 гады. Прыкладна восемдзесят працэнтаў спартсменаў прайшлі загартоўку ў Кобрынскай КСДЮШАР.

Сваё імя ў летапіс футбола Брэстчыны ўпісаў ужо варатар Дзмітрый Яцкевіч, які неаднаразова быў іграком першай лігі Рэспублікі Беларусь. Стабільна высокія вынікі дэманструюць капітан каманды Аляксандр Лацук, а таксама Дзмітрый Лук’янюк, Дзмітрый Крыцкі, Сяргей Марчук, Аляксандр Саўчук і іншыя. Бамбардзір ФК “Кобрын” Ігар Брыштэль з пасёлка Арэхаўскага ў складзе зборнай Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе ўдзельнічаў у матчах у Іспаніі, Партугаліі і іншых краінах Заходняй Еўропы. Ігар паспяхова займаецца і вялікім футболам, заўсёды далучаецца да ФК “Кобрын” на адказных турнірах ці чэмпіянатах

Сёлетні фінал чэмпіянату вобласці праходзіў для кабрынчан напружана. Сапернікі падабраліся моцныя, асабліва футбалісты з Пружан, з якімі нашы землякі вядуць “спрэчку” на полі вось ужо тры гады запар. Гэта каманда практычна поўнасцю складаецца з “легіянераў” з іншых раёнаў Берасцейшчыны. Аднак пружанцы ні разу не здолелі перамагчы кабрынчан.

У фінале абласнога чэмпіянату сустрэліся ФК “Кобрын” і “Лінка” (Івацэвічы). Прагнозы балельшчыкаў былі наконт барацьбы практычна аднолькавымі – гульня будзе “ачко ў ачко”. Аднак яны не спраўдзіліся. У першым матчы ў гасцях у Івацэвічах кабрынчане “ўсухую” разграмілі сапернікаў з лікам 5:0! Бясспрэчным лідарам быў наш зямляк Ігар Брыштэль, які забіў чатыры галы. Другі матч таксама закончыўся паражэннем каманды “Лінка” – 1:3.

Ва ўрачыстай абстаноўцы кобрынскія футбалісты атрымалі галоўны трафей чэмпіянату – вялікі залацісты кубак. Лепшым бамбардзірам спаборніцтваў стаў Ігар Брыштэль, які васямнаццаць разоў паслаў мяч у вароты сапернікаў. На закрыцці футбольнага чэмпіянату намеснік старшыні Брэсцкай абласной федэрацыі футбола Юрый Грышчанка  даў высокую ацэнку майстэрству кабрынчан. Сяргей Кожух упэўнены, што  ФК “Кобрын” не толькі здольны змагацца з камандамі прэм’ер-лігі Беларусі, але  нават у іх выйграваць.

– Нам грэх не займацца футболам, іншымі відамі спорту, – гаворыць Сяргей Кожух. –Выдатны стадыён “Юнацтва”, абноўленая КСДЮШАР, шэраг іншых спартыўных і фізкультурна-аздараўленчых устаноў. Такія магчымасці для трэніровак  ёсць далёка не ў кожнай каманды краіны. Ад усёй душы хочацца падзякаваць за падтрымку пастаянным партнёрам ФК “Кобрын” – ААТ “Кобрынаграмаш”, СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынскі масласырзавод”, УП “КІЗБел”, ПУП “Жылбудкамплект”, фірме “Амега-сэрвіс” і многім іншым.

Футбольныя эксперты ўпэўнены, што кобрынскія футбалісты даўно перараслі “аматарскі” ўзровень і могуць смела заяўляцца ў вышэйшай лізе краіны. Так лічыць і Сяргей Кожух, аднак галоўнае пытанне, якое пакуль што “тармозіць” гэты працэс, – недахоп фінансавых сродкаў.

Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё сезона вялікага футбола спартсмены працягваюць рыхтавацца да новых адказных стартаў,  удасканальваюць сваё майстэрства і прымаюць удзел у адкрытым турніры па міні-футболе “Трыумф- лігі”, які праводзіцца на базе Буховіцкай СШ.

Хочацца шчыра павіншаваць кабрынчан з поспехам і пажадаць новых перамог!

Роман МЕЛЬНИК

ФОТО АВТОРА

НА ЗДЫМКУ: Сяргей Кожух (злева) і Аляксандр Куцэвіч з прэстыжнымі футбольнымі трафеямі.

2 thoughts on “Впервые ФК “Кобрин” стал чемпионом Брестской области.

  • 03/03/2012 в 13:09
    Permalink

    Супер!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 31/01/2012 в 21:13
    Permalink

    Молодцы!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *