“Раскажы мне пра вайну”

Разглядаючы сямейны альбом,  пяцігадовы Міша сярод яскравых фатаграфій спыняе свой позірк на чорна-белым, пажоўклым ад часу, з няроўнымі краямі  здымку: “А гэта, мама, хто такія?”

Кацярына Чуль расказвае сыну пра продкаў. Фота: Алена БАКУН

– Гэта, сыночак, твае прабабуля і дзядуля, – пазіраючы ў вочы малому гаворыць маці.

– А чаму яны  да нас у госці не прызджаюць? Чаму у такой  незвычайнай вопратцы? Што гэта ў іх на грудзях? – хлапчук сыпле пытанне за пытаннем, і маці разумее, што ён ужо гатовы да сур’ёзных размоў.

– На жаль, бабуля Надзея і дзядуля Мікалай ужо памерлі. Але памяць пра іх у нашай сям’і перадаецца ад пакалення да пакалення. Настаў час і табе даведацца пра іх гераічны лёс. Дарэчы, дом, у якім мы зараз жывем, дастаўся таксама ад іх, – заўважае маці.

Дзеці Мікалая і Надзеі Калакольцавых  Барыс і Таццяна  ведалі, што іх бацькі былі ўдзельнікамі вайны, а вось падрабязнасцяў ад іх ніколі не чулі. Пакуль аднойчы сын не прымусіў бацьку падзяліцца ўспамінамі. А адбылося гэта пасля таго, як юнак разам з сябрамі наведаў кінатэатр. Перад праглядам мастацкага фільма паказвалі дакументальны ролік: баі за Маскву на валакаламскім напрамку. На экране сярод байцоў, якія ішлі ў атаку, Барыс заўважыў знаёмы твар: “Дык гэта ж  мой бацька!”

На наступны дзень сын прывёў  у кінатэатр з сабой бацьку, і ўсе сумненні адпалі. Убачыўшы сябе разам  з баявымі таварышамі, Мікалай не мог стрымаць слёз.

Ураджэнец  арэнбургскай глыбінкі Мікалай Калакольцаў, які жыў з бацькамі ва Узбекістане,  у 1939 годзе быў прызваны   ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію і трапіў на службу ў Манголію. Але хутка распачалася вайна, і  ўжо ў 1942 годзе камандзір 110 стралковай брыгады Паўднёва-Заходняга фронту Мікалай Калакольцаў  удзельнічае ў баях пад Масквой. Гэта былі не проста баі – гэта былі баі, дзе ад кожнага – ад салдата да генерала – патрабавалася праявіць асаблівую вытрымку: усе разумелі – за іх спінамі Масква, значыць адступаць няма куды. Аднойчы байцы чацвёра сутак сядзелі ў акопах па пояс у халоднай вадзе. Тады, дарэчы, Мікалай падхапіў запаленне лёгкіх, ад якога ледзь не памёр. У жніўні 1942 года атрымаў першае раненне, у кастрычніку – зноў. Але гэта былі няцяжкія раны – падлячыўшы іх, баец вяртаўся на фронт.

З студзеня 1943 года ў складзе гвардзейскай дывізіі Мікалай Калакольцаў удзельнічае ў баях на Заходнім фронце. У адным з баёў пад Ржэвам ён атрымаў цяжкае раненне ў нагу. На гэты раз у шпіталь ён трапіў на некалькі месяцаў. У 1944 годзе баец закончыў курсы малодшых лейтэнантаў і быў накіраваны на 2-і Прыбалтыйскі фронт. Дарога ішла ў Еўропу, сустрэць Перамогу хацелася ўсім жывымі  пад сценамі Рэйхстага. Цяжкае раненне выбіла маладога байца з кагорты тых, хто дайшоў да Берліна, але затое дазволіла вярнуцца з вайны жывым. Пасля дэмабілізацыі яго накіравалі ў Бяроза-Картузскую. Там ён і сустрэў свой лёс – будучую жонку Надзю.

Вайна парушыла ўсе планы выпускніцы Быценьскай школы Бярозаўскага раёна Надзеі Вострыкавай,  не дала наталіцца прыгожай выпускной сукенкай і мірнай раніцай 22 чэрвеня… Замест паступлення, а Надзя хацела звязаць свой лёс з медыцынай, яна разам з братам наладжвае сувязь з партызанскім атрадам імя Дзімітрава. Каб быць у курсе фашысцкіх планаў, наймаецца прыбіральшчыцай у нямецкую камендатуру, якая размясцілася ў будынку, у калідорах якога яшчэ ўчора  гучаў дзіцячы гоман і смех, – яе роднай школе.

Аднойчы дзяўчына стала сведкам страшнай трагедыі, якая адбылася перад вокнамі школы. Фашысты сагналі  яўрэяў з акругі, прымусілі выкапаць вялікую яму. Затым пачалі па іх страляць, скідваць і жывых, і мёртвых у кар’ер і закопваць. У памяці Надзеі на ўсё жыццё адбіўся жудасны малюнак, як варушылася зямля над яшчэ жывымі людзьмі. Тады яна дала сабе слова, што будзе рабіць усё магчымае, каб адпомсціць за сваіх землякоў.   Чым магла, дапамагала партызанам. Выконваючы даручэнні таварышаў, не раз знаходзілася ў паўкроку ад таго, што немцы змогуць выкрыць.

 Перамогу Надзя сустракала разам з Мікалаем. У хуткім часе маладыя пажаніліся. Неяк Мікалай па справах трапіў у Кобрын, дзе выпадкова сустрэў баявога таварыша. Той прапанаваў яму работу на Кобрынскім інструментальным заводзе (цяпер ААТ “Кобрынскі інструментальны завод СІТОМА”), а таксама пааабяцаў вырашыць праблему з жыллём (якраз і выдзяліў ад арганізацыі той дом, дзе жыве зараз унучка Кацярына са сваёй сям’ёй).

Мікалай Калакольцаў памёр у 1978 годзе, за ім хутка пакінула гэты свет і  жонка Надзея. Але род Калакольцавых працягваецца ўжо у чацвёртым пакаленні, і для кожнага з іх День Перамогі – не проста вялікае  свята, а свята, якое збірае ўсіх родзічаў за вялікім сталом, каб чарговы раз пераглядзець ваенныя фотаздымкі і ўшанаваць памяць сваіх бабулі і дзядулі.

Алена БАКУН.