Больш за 20 гадоў 21 лютага многія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы

Больш за 20 гадоў 21 лютага многія краіны свету адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусь актыўна падтрымлівае гэтую акцыю, у тым ліку і Кобрыншчына.

 

Акцыя «Чытаем, спяваем, размаўляем па-беларуску”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кобрыншчыны стала ўжо традыцыйнай, -заўважыла загадчык ДНМУ “Кобрынскі раённы навучальна-метадычны кабінет” Таццяна Петруковіч. – Так, кожны год у гэты дзень у школах праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду роднай мовы: інфармацыйныя гадзіны, флэшмобы, выставы, конкурсы і віктарыны, музычна-тэатралізаваныя вечарыны.  Прыемна, што да акцыі актыўна далучаюцца і бацькі, якія ўдзельнічаюць у тым ліку ў напісанні дыктовак па беларускай мове. Вучні наведваюць арганізацыі і прадпрыемствы горада, праводзяць актыўную прапагандысцкую работу з насельніцтвам на вуліцах, у транспарце, у магазінах і бальніцы. У гэтым годзе мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, упершыню прайшлі і ў шэрагу дзіцячых садоў, ва ўстановах дадатковай адукацыі.

 

Пяцікласнікі спаборнічаюць у конкурсе “Знаўцы роднай мовы”

Старшакласнікі пішуць дыктоўку

У сярэдняй школе №3 г. Кобрына да свята пачалі рыхтавацца загадзя: напярэдадні бацькі васьмікласнікаў на класным сходзе напісалі дыктоўку. І, як адзначыла настаўніца беларускай мовы Ірына Марчук, якая яе праводзіла, дарослыя справіліся з заданнем нядрэнна.

У святочны дзень у школе родная мова гучала ўсюды, у тым ліку і праз  відэаролік васьмікласніка Савелія Прохарава на тэму малой радзімы, дзе хлопчык расказваў аб сваёй роднай вуліцы Пралетарскай. У снежні мінулага года за гэтую работу Савелій атрымаў перамогу на рэспубліканскім конкурсе юных журналістаў “Ты ў эфіры”.

У фае была арганізавана тэматычная выстава беларускіх лялек.

Адчыняем дзверы ў кабінет беларускай мовы – тут вучні старэйшых класаў пішуць дыктоўку ў рамках конкурсу “Папацей – грамацей-2020”. Тэкст даволі складаны, але на тварах дзяцей пануе ўпэўненасць.

У суседнім кабінеце – тэматычная гульня. Пяцікласнікі, падзяліўшыся на тры каманды, спаборнічаюць у конкурсе “Знаўцы роднай мовы”.

Як адзначыў дырэктар школы Аляксандр Лесік, дзень роднай мовы ва ўстанове заўсёды праходзіць маштабна, і ахоплівае як саміх вучняў, так і іх бацькоў, для якіх у тым ліку арганізуюцца экскурсіі ў толькі што адноўлены музей “Спадчына”.

Людміла ПАШКОВІЧ.

Фота аўтара.