Свята памяці і славы

Кожны год 15 лютага кабрынчане збіраюцца ў скверы Воінскай славы,  каб ушанаваць памяць тых, хто да самага канца выканаў свой воінскі і інтэрнацыянальны абавязак. Ва ўрачыстым мітынгу, прысвечаным 31-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана і адкрыццю помніка воінам-інтэрнацыяналістам, прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і член савета Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Васілій Дземідовіч, старшыня маладзёжнага парламента Аксана Сівянкова, прадстаўнікі ГА “БРСМ”, Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, духавенства і шырокай грамадскасці.

Цырымонію адкрыцця памятнага знака праводзяць (злева направа) Андрэй Мелінчук, Міхаіл Грышкевіч і Аляксандр Раманюк

Вельмі цяжка даць ацэнку падзеям вайны ў Афганістане, у кожнага, хто прайшоў яе дарогамі, яна свая, – адзначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. – Наша задача – захаваць гэтую старонку нашай гісторыі, данесці яе да моладзі і зрабіць вечным напамінам аб тым, што няма нічога даражэйшага, чым мірнае неба і свабода для стваральнай працы.

Усяго дарогамі Афганістана прайшло больш за 500 кабрынчан, у жалобным спісе – 8 нашых суайчыннікаў і 10 ваеннаслужачых былой авіябазы. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама, сёння воіны-інтэрнацыяналісты – гэта людзі, якія даказалі на практыцы сваю грамадзянскую пазіцыю і з’яўляюцца адной з апор нашай дзяржаўнасці, яны прымаюць ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны эстафету патрыятычнага выхавання нашай моладзі.

Цырымонію ўскладання кветак праводзяць Міхаіл Грышкевіч і Іван Даўжук

– У гэтым скверы кожны год збіраецца шмат людзей – значыць, у сэрцах кабрынчан жыве памяць аб героях, а ў нашым грамадстве не згасае пераемнасць пакаленняў, – адзначыў старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Кацюба. – Сёння мы адкрываем памятны знак у гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, які з’яўляецца сімвалам глыбокай павагі да тых, каго апаліла вайна ў Афганістане. Хочацца выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у стварэнні і фінансаванні гэтай добрай справы.

Роўныя ўдары метранома адлічваюць хвіліну маўчання, да мемарыяльных пліт з імёнамі загінулых кладуцца вянкі і кветкі. Цырымонію адкрыцця памятнага знака, створанага скульптарам Генадзем Абрамавым пры падтрымцы прадпрыемстваў і арганізацый, воінаў-інтэрнацыяналістаў і прадстаўнікоў грамадскасці, правялі Міхаіл Грышкевіч, дэпутат Кобрынскага раённага Савета, намеснік старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Андрэй Мелінчук і сын воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандр Раманюк, пасля чаго знак асвяціў настаяцель Свята-Увядзенскага храма протаіерэй Уладзімір Мацкевіч. Ва ўрачыстай атмасферы Алег Кацюба і Андрэй Мелінчук уручылі падарункавыя сертыфікаты і кветкі родным і блізкім загінулых на далёкай афганскай зямлі, а таксама тым, хто прыняў непасрэдны ўдзел у стварэнні скульптурнай кампазіцыі.

Дзмітрый БЯЛОЎ. Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.