Калі хочацца верыць у цуды

Мы ўсе – вельмі розныя, аднак аднолькава любім святы, шчырыя ўсмешкі і падарункі. Шэраг навагодніх імпрэз для розных катэгорый дзяцей прайшоў 30 снежня на базе Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. У мерапрыемствах прыняў удзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук.

У гэты дзень мерапрыемствы прайшлі для дзяцей, якія пражываюць у дзіцячых дамах сямейнага тыпу ці ў апякунскіх сем’ях, для дзяцей-інвалідаў і для вучняў, якія маюць поспехі ў вучэбнай і іншых відах дзейнасці.

Ва ўрачыстай Іван Даўжук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Радковіч уручылі дыпломы пераможцам ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і святочныя падарункі.

– Гэтыя дзеці – гордасць для бацькоў, для настаўнікаў і для ўсіх нас, – падкрэсліў Іван Аляксеевіч. – Ужо сёння яны ставяць перад сабой высокія мэты і дабіваюцца выдатных вынікаў. Хочацца пажадаць ім заставацца пераможцамі і далей радаваць нас сваімі дасягненнямі.

Выдатным сюрпрызам для ўсіх прысутных стаў святочны спектакль “Навагодняя чароўная формула”, падчас якога гледачы разам з казачнымі героямі атрымалі магчымасць пераканацца ў тым, што сапраўдная душэўная цеплыня здольная растапіць любы лёд, а дружба і ўзаемавыручка –  пераадолець любыя перашкоды. Яркая і эмацыянальная гульня акцёраў у спалучэнні з агульнай атмасферай сапраўднага свята выдатна зрабілі сваю справу – у зале не было свабодных месцаў. А ці можа быць інакш напярэдадні самага чароўнага свята – калі так хочацца верыць у цуды?

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ.

Іван Даўжук уручае дыпломы пераможцам ІІ этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах;

Святочны спектакль “Навагодняя чароўная формула”.