Курс – да добрых спраў

Удзел у выбарчых кампаніях, рэспубліканскіх акцыях і планы на бліжэйшую будучыню – гэтыя і многія іншыя пытанні знайшлі свой разгляд падчас пашыранага пасяджэння савета абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якое нядаўна прайшло на базе ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”.

 

Гасцей вітаў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, які пазнаёміў удзельнікаў пасяджэння з інфраструктурай Кобрыншчыны. Аб выніках удзелу арганізацыйных структур Брэсцкай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” у сёлетніх парламенцкіх выбарах прысутным расказаў намеснік старшыні арганізацыі Васілій Лашч.  Ён адзначыў, што актыў “Белай Русі” быў шырока прадстаўлены ў складзе выбарчых камісій, членамі грамадскага аб’яднання ў Брэсцкай вобласці было праведзена 112 пікетаў па зборы подпісаў, у склад ініцыятыўных груп увайшло каля 350 прадстаўнікоў арганізацыі.

– Мы належным чынам завяршаем гэты год, падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання была праведзена вялікая работа, – падкрэсліў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Пётр Пойта. – Наперадзе нас чакае адказная кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і я ўпэўнены, што наша грамадскае аб’яднанне прыме ў ёй самы актыўны ўдзел.

Як адзначыў Пётр Сцяпанавіч, падчас мінулай выбарчай кампаніі актыўнай работай адзначыліся ўсе арганізацыйныя структуры РГА “Белая Русь”. Аднак пошук новых падыходаў для павышэння ўзроўню прафесіянальнай кампетэнтнасці актыву  ў пытаннях удзелу ў палітычным жыцці краіны патрэбна працягваць. Асаблівую ўвагу падчас выбарчых кампаній патрэбна надаваць рабоце ў інтэрнэце, у першую чаргу – у сацыяльных сетках. Таксама была адзначана неабходнасць сістэматызацыі работы па прыцягванні найбольш актыўных, адказных і перспектыўных маладых людзей з мэтай іх падрыхтоўкі не толькі да электаральных кампаній, але і да ўступлення ў рады “Белай Русі”.

Па выніках пасяджэння савета работа Брэсцкай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” была прызнана здавальняючай, а каляндарны план удзелу арганізацыйных структур аб’яднання ў выбарчай кампаніі – выкананым. Завяршыла праграму экскурсія па Кобрыншчыне, падчас якой госці пазнаёміліся з вытворчасцю СТАА “ВП Палессе”, наведалі Свята-Аляксандра-Неўскі кафедральны сабор і іншыя цікавыя мясціны.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымку аўтара: удзельнікі пасяджэння на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”.