Краіна добрых сэрцаў

13 снежня дзяржаўная сацыяльна-педагагічная ўстанова адукацыі «Кобрынская дзіцячая вёска» адзначыла свой 25-гадовы юбілей.

Павіншаваць калектыў установы са святам у Кобрынскім Палацы культуры сабраліся больш за 300 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, сябры, спонсары, шэфы і многія неабыякавыя людзі. Перад пачаткам урачыстасці кожны мог пазнаёміцца з дзейнасцю дзіцячай вёскі дзякуючы жывой прэзентацыі, якая разгарнулася ў выставачнай зале. Сцены залы ўпрыгожвалі фотаздымкі дзяцей, што здабылі ў вёсцы новую сям’ю і бацькоў. Фотаальбомы красамоўна распавядалі пра насычанае і цікавае жыццё выхаванцаў. Прыцягвалі ўвагу выстава дзіцячай творчасці і кэндзі-бар, якія адлюстроўвалі разнастайныя захапленні выхаванцаў і выхавальнікаў. Самыя маленькія выхаванцы знайшлі занятак па душы на дзіцячай пляцоўцы з цацкамі ад СТАА «ВП Палессе». Ва ўтульнай, па-хатняму цёплай атмасферы юбіляры прымалі гасцей і выпускнікоў, якія прыехалі да іх з розных куткоў краіны і замежжа.

Як заўважыў падчас урачыстай праграмы начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, за чвэрць стагоддзя каля 400 дзяцей знайшлі ў дзіцячай вёсцы сям’ю, любоў, пяшчоту, яна стала для іх школай сапраўднага сямейнага выхавання. Да віншаванняў далучыліся намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук і іншыя госці.
Рознакаляровыя пялёсткі чароўнай кветкі-вясёлкі дапамаглі гасцям свята даведацца аб мінулым і сучасным жыцці ўстановы. Прысутныя перанесліся ў далёкі 1994 год, калі пад кіраўніцтвам Мікалая Васілеўскага адбылося адкрыццё першых 6 дамоў. З таго дня і да цяперашняга часу пуцёўку ў жыццё тут атрымалі 195 выпускнікоў, 93 з іх стварылі свае сем’і. Практычна ўсе яны пачалі самастойнае жыццё з вучобы ў вышэйшых ці прафесіянальна-тэхнічных установах.

Ва ўстанове падтрымліваюць сямейныя сувязі: за гады існавання вёскі 152 дзіцяці з 41 шматдзетнай сям’і атрымалі магчымасць выхоўвацца разам са сваімі кроўнымі братамі і сёстрамі. Па маг-
чымасці, калі гэта не супярэчыць інтарэсам дзяцей, наладжваюцца кантакты з іх біялагічнымі бацькамі і сваякамі.

З выпускнікамі, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш, праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па навучанні заканадаўчым асновам, каб яны ведалі свае правы і маглі карыстацца сацыяльнымі гарантыямі. Гарантыі, безумоўна, ёсць. Гэта поўнае дзяржаўнае забеспячэнне на перыяд вучобы, потым – працаўладкаванне, забеспячэнне жыллём, прапіска. Але самая галоўная гарантыя –
права на любоў, якая патрэбна чалавеку ў любым узросце. З 97 хлопчыкаў і дзяўчынак, што пражываюць у дзіцячай вёсцы сёння, толькі 2 – круглыя сіроты, і гэта несуцяшальная прыкмета нашага часу, калі пры жывых бацьках дзеці вымушаны жыць за межамі бацькоўскага дома. Сапраўдны дом для іх усё-такі тут. Выпускнікі нават праз гады наведваюць вёску свайго дзяцінства, не губляючы гэтую каштоўную нітачку-сувязь з месцам, дзе набылі сям’ю. Вяртаюцца сюды на канікулы, калі за-хварэлі ці проста засумавалі. І на свята прыехалі, каб сказаць словы ўдзячнасці за сваё шчаслівае дзяцінства, якое ім некалі вярнулі тыя, хто стаў ім сапраўднымі матулямі. А матулі Наталля Чакала, Вольга Дзяркач, Ірына Смальцар, Земфіра Дзямакіна, Інга Нарваткіна, Ірына Свірыд, Галіна Піліпчук, Таццяна Травіна, Ала Прылуцкая, Ганна Семянюк і іншыя, якія знайшлі ў сваіх сэрцах месца для кожнага, шчыра віталі іх на парогах сваіх дамоў.

Многія супрацоўнікі дзіцячай вёскі атрымалі на свяце ўзнагароды рознага ўзроўню. Але высакародная місія гэтых людзей вымяраецца не гэтым, а ўсмешкамі дзяцей, якім тут вярнулі шчаслівае дзяцінства і будучыню.

Жанна ЕЛІЗАРАВА.