В Кобринской детской школе искусств чествовали победителей второго этапа республиканской предметной олимпиады.

На ўрачыстым мерапрыемстве, якое прайшло нядаўна ў дзіцячай школе мастацтваў, сабраліся 119 самых таленавітых вучняў Кобрыншчыны – пераможцаў другога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк, немагчыма без захаплення глядзець на людзей, якія ўжо ў такім раннім узросце разумеюць, што дабіцца чаго-небудзь у нашым жыцці можна толькі працай. Таму што толькі працавітасць і стараннасць могуць дапамагчы дасягнуць тых вынікаў, якія яны – віноўнікі ўрачыстасці – маюць сёння.

Сёння яны – лепшыя ў раёне, і гэтая перамога дае ім права прадстаўляць Кобрыншчыну на абласным узроўні. І хто ведае – магчыма, хтосьці з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак праз штодзённую працу, праз нялёгкую барацьбу дабярэцца да самага верху і дастойна прадставіць сваю малую радзіму на заключным, рэспубліканскім этапе алімпіяды. І зробіць такім чынам самы лепшы падарунак, які толькі можна ўявіць, свайму настаўніку –  які ўрок за ўрокам, гадзіну за гадзінай укладваў у сваіх вучняў тое, што ведае сам, кожны дзень аддаючы часцінку сваёй душы. І ў гэты дзень педагогі таксама атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды.

Няма сумненняў, перамагчы ў прадметнай алімпіядзе – задача не з лёгкіх, нават для самых старанных і таленавітых вучняў. Што ж гаварыць пра тых, хто стаў пераможцам адразу ў дзвюх, а то і трох дысцыплінах? Такіх “універсалаў”, якія адначасова  развіваюць свае здольнасці ў некалькіх накірунках, на Кобрыншчыне аказалася 23 чалавекі. Але і гэта, як высветлілася, яшчэ не максімум магчымага. Дзесяцікласнік з Кобрынскай гімназіі Сяргей Грабянчук стаў пераможцам адразу ў чатырох алімпіядах – па фізіцы, матэматыцы, хіміі і англійскай мове, а дзесяцікласніца з СШ №1 Дыяна Панятоўская – па матэматыцы, геаграфіі, рускай і беларускай мовах і літаратуры. Вось такая разнапланавасць і маштабнасць!

– Мы жывем у няпросты час – калі бывае вельмі цяжка не памыліцца і  выбраць правільны жыццёвы шлях, – адзначыла Дыяна Панятоўская ў сваім выступленні перад удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства. – А напоўнены гэты шлях павінен быць любоўю – да нашых родных і блізкіх, да нашай Радзімы, да працы. І, безумоўна, да нашых настаўнікаў.

Застаецца толькі пажадаць нашым педагогам, каб часцей запальваліся ў іх класах новыя зорачкі і каб вучні радавалі іх сваімі дасягненнямі. Што ж датычыцца пераможцаў, то няхай кожны з іх і далей упэўнена ідзе па сваім жыццёвым шляху – да пастаяннага самаўдасканалення, да новых перамог.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *