Прачытай і перадай другому

У адзін з халодных дзён лістапада ў гульнявым пакоі філіяла «Дзіцячая бальніца» Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы было не па-асенняму сонечна, цёпла і ўтульна. Стварылі такую атмасферу маленькім пацыентам госці з Верхалескага вучэбна-педагагічнага комплесу ясляў-сада-сярэдняй школы – вучаніца 11 класа Анастасія Чарнак, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Генадзь Ляшчынскі і дырэктар школы Ніна Ляўчук, якія прыехалі сюды  з прыемнай місіяй – адкрыць кропку буккросінга.
Казкі для дзяцей малодшага ўзросту, прыгодніцкія аповесці, фантастычныя раманы для падлеткаў, серыя кніг «Энцыклапедыя для дзяцей»… На паліцах па-сяброўску з цацкамі размясцілася каля 50 кніг. Іх сабралі для дзіцячай бальніцы па ініцыятыве Насці вучні і настаўнікі школы.
Афарызм «Любіце кнігу – крыніцу ведаў», які належыць вядомаму класіку Максіму Горкаму, для Насці не проста гучныя словы, а, можна сказаць, дэвіз па жыцці – дзень без прачытанай старонкі –
змарнаваны дзень:

– У век камп’ютарных тэхналогій, дзе амаль усю свабодную прастору маіх аднагодкаў запаланілі гаджэты, мы, на вялікі жаль, усё больш і больш аддаляемся ад кнігі. Для мяне ж адукаваны чалавек – гэта той, хто добра валодае мовай, хто мае вялікі кругагляд, а без мастацкага слова гэтага дабіцца немагчыма.

Як жа адарваць дзяцей ад гаджэтаў і заставіць звярнуць увагу на кнігу? Разам са сваім кіраўніком Генадзем Ляшчынскім вучаніца паспрабавала знайсці адказы на пытанні ў навукова-даследчай рабоце «Буккросінг як сродак павышэння чытацкай актыўнасці».
– Ідэя Насці адкрыць буккросінг менавіта ў дзіцячай бальніцы мае рацыю. У пацыентаў шмат вольнага часу, некаторыя знаходзяцца пад наглядам бацькоў, якія таксама маюць магчымасць больш увагі надзяліць свайму дзіцяці, напрыклад, разам з ім пачытаць кнігу. Магчыма, хтосьці і сапраўды па-іншаму гляне на тое, як можна з карысцю право-
дзіць вольны час, – дзеліцца Генадзь Пятровіч.
Вырашэнне арганізацыйных пытанняў узяла на сябе дырэктар школы Ніна Ляўчук, якая наладзіла сувязь з адміністрацыяй бальніцы.
– Чаму б і не падхапіць добрую ініцыятыву, – заўважае намеснік загадчыка дзіцячай бальніцы Ганна Самцэвіч. – Бачыце, коль-
кі цікаўных вачанят ужо паглядае на паліцы. Праз некалькі хвілін тут ні адной кнігі не застанецца.
Яшчэ адной кропкай маршруту Анастасіі ў гэты дзень стаў букросінг па вуліцы Суворава, куды яна адвезла частку кніг для дарослай чытацкай аўдыторыі, адабраных з агульнай колькасці сабраных.
Навіны пра добрыя справы разыходзяцца вельмі хутка. Так, ужо 9 снежня Анастасія Чарнак і яе група падтрымкі па прось-
бе пацыентаў стварылі кніжную паліцу ў пульманалагічным аддзяленні Кобрынскай ЦРБ.

Алена БАКУН.