На варце інтарэсаў працоўных

З якімі вынікамі завяршаюць год кобрынскія прафсаюзы і як яны выконваюць свае важнейшыя задачы – гэтыя і іншыя пытанні знайшлі свой разгляд падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў, якая прайшла 26 лістапада. У рабоце прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік.

Аб рабоце савета Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў прысутным расказаў яго старшыня Алег Гангала. Ён адзначыў, што сёння на тэрыторыі раёна дзейнічаюць 13 галіновых прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, агульная колькасць членаў прафсаюзаў перавышае 23,7 тыс. чалавек, прафсаюзны рух ахоплівае больш за 97% працоўных. Дзейнасць гарадскога аб’яднання прафсаюзаў скіравана на дасягненне адзінства прафсаюзнага руху, абарону прафесіянальных правоў работнікаў, забеспячэнне балансу інтарэсаў і фарміраванне ў калектывах атмасферы партёрства, работу з моладдзю і ветэранамі. Вялікая работа праводзіцца ў сферы забеспячэння максімальнага ўзроўня калектыўна-працоўнага рэгулявання працоўных і сацыяльна-эканамічных адносінаў у арганізацыях і прадпрыемствах раёна. У той жа час патрабуюць пастаяннай увагі пытанні аховы працы, побыту працоўных. Алег Іосіфавіч падкрэсліў, што прафсаюзы павінны выхоўваць пачуццё адказнасці за сваю працу, здароўе і жыццё.

Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін акцэнтаваў увагу прысутных на неабходнасці больш шчыльнага супрацоўніцтва з наймальнікамі і выказаў надзею, што кобрынскі прафсаюзны актыў будзе жыць адным жыццём з працоўнымі і клапаціцца пра людзей.

Па выніках галасавання абсалютнай большасцю галасоў старшынёй Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў быў абраны Алег Гангала, яго намеснікам стаў старшыня райкама прафсаюза АПК Васіль Лазарчук. Таксама падчас канферэнцыі былі выбраны савет аб’яднання, дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і кандыдатуры, якія будуць дэлегаваны ў склад яго савета. Ва ўрачыстай атмасферы пад апладысменты прысутных Аляксандр Мурашкін уручыў юбілейны медаль “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” Васілю Лазарчуку і Ганаровую грамату Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў настаўніцы і старшыні прафсаюзнай “пярвічкі” СШ №1 г. Кобрына Але Раманюк. Граматамі Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў былі адзначаны старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Кобрынскага райвыканкама Наталля Саўчук і старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ “Навасёлкаўскі” Іван Бляян. Па ўсіх пытаннях павесткі дня былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

Аляксандр Мурашкін і Алег Гангала (у цэнтры) абсуджаюць песрпектывы прафсаюзнага руху са старшынямі пярвічных прафсаюзных арганізацый Кобрыншчыны