Васілій Дземідовіч: “Удзячны Кобрыншчыне і кабрынчанам!”

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання адбыліся, і можна сказаць з упэўненасцю, што яны прайшлі ў празрыстай, чыстай і дэмакратычнай атмасферы. Я вельмі ўдзячны Кобрыншчыне і кабрынчанам за тое, што яны свядома аддалі за мяне пераважную большасць сваіх галасоў. Тры гады ў Палаце прадстаўнікоў мінулага склікання пакінулі вялікі вопыт, які ў першую чаргу датычыцца разумення таго, як важна жыць адным жыццём са сваімі выбаршчыкамі. Сёння мы бачым, як агульнымі намаганнямі закрываюцца важныя пытанні з самых розных сфер нашага жыцця, такіх як добраўпарадкаванне, газіфікацыя, жыллё, працаўладкаванне і многіх іншых. Кожны крок маёй дзейнасці, як і ў мінулую кампанію, праходзіць пад адным дэвізам – быць карысным для людзей. Гэта датычыцца не толькі канкрэтных пытанняў у рэгіёне, але і ініцыятыў па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у заканадаўчую базу Рэспублікі Беларусь, з якімі да мяне прыходзяць кабрынчане. Упэўнены – разам мы зможам зрабіць жыццё яшчэ больш камфортным і ўнесці канструктыўны ўклад у развіццё нашай агульнай Радзімы.

Запісаў Дзмітрый БЯЛОЎ.