Полымя вайны вельмі моцна загартоўвае характар. Нашы ветэраны, чый подзвіг, праяўлены падчас Вялікай Айчыннай вайны, - сапраўдны ўзор мужнасці і патрыятызму. Яны і сёння, нягледзячы на гады, захоўваюць цвёрдасць духу і вернасць ідэалам. Адзін з іх – Нінэль Паўлавіч Гасюк нядаўна адзначыў сваё 95-годдзе.
З віншаваннямі і падарункамі да ветэрана з нагоды значнай падзеі прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Бойка, старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Кузіч, дырэктар Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Осіпава і прадстаўнікі ААТ “САЛЕА-Кобрын”, якому ветэран прысвяціў вялікую частку свайго жыцця. Павіншаваць бацьку прыехала і дачка, якая зараз жыве ў Маскве.
Нінэль Гасюк пайшоў на фронт у няпоўныя 18 гадоў і прайшоў усю вайну. Аб гераічным мінулым нагадваюць шматлікія ўзнагароды. Першы медаль “За адвагу” Нінэль Паўлавіч атрымаў за ўзяцце Гняздзілаўскіх вышынь у жніўні 1943 года. У лістападзе 1943 года за баявыя дзеянні пад Оршай быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі. У красавіку 1944 года атрымаў званне сяржанта і другі медаль «За адвагу», а ў ліпені гэтага ж года – трэці, за ўдзел у Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі і дзеянні ў складзе рэйду па тылах ворага. Кавалер ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені.
Вастрыні розуму былога франтавіка могуць пазайздросціць і маладыя – ветэран з задавальненннем чытае на памяць цэлыя паэмы, праяўляе жывую цікавасць да ўсяго, што адбываецца ў горадзе, краіне і свеце. Ён упэўнены – у наш імклівы час першапачатковую ўвагу мы павінны надаваць нашай моладзі, якая ў хуткім часе ўскладзе на свае плечы цяжар адказнасці за будучыню дзяржавы.
З гэтым чалавекам можна размаўляць бясконца, настолькі моцнае ўражанне пакідае вялікі сплаў жыццёвага вопыту, глыбокай мудрасці і шчырай любві да сваёй Радзіму. Мы развітваемся з ветэранам, каб сустрэцца зноў: “Многая лета, Нінэль Паўлавіч! Мы ганарымся, што такія людзі жывуць сярод нас.”
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: Нінэль Гасюк (у цэнтры) прымае віншаванні з 95-годдзем.
Поделиться в соцсетях: