Адзіны дзень інфармавання: дынаміка развіцця – станоўчая

 

Актуальныя тэндэнцыі жыцця рэгіёна і краіны, роля транспартных прадпрыемстваў у развіцці Кобрыншчыны – гэтыі і іншыя пытанні знайшлі разгляд у час сустрэчы старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча з калектывам філіяла “Аўтапарк №16 г. Кобрына” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, якая прайшла ý межах адзiнага Дня iнфармавання. У рабоце прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Мартынюк і дырэктар філіяла “Аўтапарк №16 г. Кобрына”  ААТ “Брэстаблаўтатранс” Сяргей Чыж.

Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што сёння Кобрыншчына, як і ўся краіна, дынамічна развіваецца ў розных накірунках. На новы ўзровень выходзіць медыцынскае абслугоўванне – сярод іншага, у наступным годзе плануецца паставіць у Кобрынскай ЦРБ апарат камп’ютарнай тамаграфіі. Плануецца будаўніцтва спартыўнай залы ў Залескай сярэдняй школе, разглядаецца канцэпцыя стварэння новага дзіцячага сада-пачатковай школы. Актыўна вядзецца будаўніцтва, у тым ліку жылля. Асноўная задача – забяспечыць жыллём шматдзетныя сем’і, колькасць якіх расце. У наступным годзе ў Дзівіне пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”, у бліжэйшы час плануецца пачаць рамонт мастоў праз Мухавец. Гэта вялікі аб’ём работ, у выкананні якога ў тым ліку знойдуць сваё месца і транспартнікі Кобрыншчыны.

Супрацоўнікі філіяла задалі старшыні хвалюючыя пытанні. Так, адзін з супрацоўнікаў звярнуў увагу на вялікія няроўнасці асфальтавага пакрыцця, якія сфарміраваліся каля некаторых аўтобусных прыпынкаў у цэнтры горада. Старшыня райвыканкама згадзіўся з актуальнасцю праблемы і адзначыў, што ў хуткім часе яна будзе вырашана. Не засталося без увагі і пытанне вывазу смецця ў вёсцы Мельнікі, жыхары якой жадаюць паставіць на вуліцы кантэйнер. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Мартынюк, пытанне будзе падрабязна разгледжана з мэтай прыняцця рацыянальнага рашэння.

 Пасля канструктыўнага дыялогу настаў час для ўрачыстасці. Пад апладысменты прысутных Міхаіл Грышкевіч, Іван Даўжук і Сяргей Чыж уручылі лепшым супрацоўнікам заслужаныя ўзнагароды.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

злева направа: Іван Даўжук, Сяргей Чыж”, Міхаіл Грышкевіч і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Мартынюк падчас дыялогу з калектывам аўтапарка. Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.