Батчынскія “Чэмпіён” і “Алеся”

Штогод на 150 га сада ААТ “Батчы” паспявае каля двух дзясяткаў гатункаў смачнай садавіны.

– Сёлета нас абмінулі вясновыя маразы, таму мы з ураджаем, –расказвае садавод Сяргей Крываблоцкі. – Яблыкаў будзе не менш, чым у мінулым годзе – каля 1400 т.

Кожны дзень тут працуе каля 25 чалавек, якія раздзелены на некалькі брыгад. Невялікія трактары праязджаюць паміж паўкарлікавымі яблынямі, работнікі зрываюць яблыкі з дрэў і акуратна, каб не пабіць, кладуць у пластмасавыя вёдры, а пасля перакладаюць у  драўляныя прычэпы. Жанчын больш – прыродная акуратнасць дазваляе рабіць справу скурпулёзна, працуюць тут з задавальненнем і ў добрым настроі.

– Пачалі збор з асенніх гатункаў, але больш спецыялізуемся на зімовых – яны лепш захоўваюцца,  маюць добры таварны выгляд, – расказвае Сяргей Уладзіміравіч. – Мы пастаўляем нашы яблыкі ў гандлёвую сетку Мінска, на расійскі рынак.

Былі прадстаўлены яблыкі і на асенніх кірмашах. Цана не “кусалася” – каля 1 рубля. Сёлета добрая цана і на паданку – 33 капейкі. Гэта яблыкі, якія былі збіты ветрам або маюць нетаварны выгляд. Яны ідуць на перапрацоўку на Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат і на іншыя перапрацоўчыя прадпрыемствы. Ідуць яблыкі і на сушку.

Сёлета ў многіх наогул няма ўраджаю яблыкаў, таму ў гаспадаркі няма ніякіх праблем са збытам.

Усе яблыкі закладваюцца ў агароднінасховішча. За некалькі тыдняў зімовыя гатункі стануць яшчэ смачнейшымі.

– Мы стараемся адбіраць самыя лепшыя па ўсіх якасцях гатункі: марозастойкасць, таварны выгляд, смак, добрае захаванне, – расказвае садавод. – Самыя хадавыя – “Алеся”, “Чэмпіён”, “Беларускае салодкае”, “Поспех”.  Прыкладна палова гатункаў беларускай селекцыі.

Работа ў садзе вядзецца пастаянна: падрэзка, выкарчоўка старых дрэў (паўкарлікавыя добра пладаносяць не больш за пятнаццаць гадоў), апрацоўка ад насякомых і гэтак далей. У садзе працуюць пастаянныя работнікі, а на час збору ўраджаю дадаткова наймаюць людзей, працаваў тут і студатрад.

Збор будзе ісці да канца кастрычніка, а батчынскіх яблыкаў хопіць усім.

Людміла ПАШКОВІЧ.

На здымку аўтара: работнікі сада здымаюць гатунак “Чэмпіён”.