Ад «Труда» да «Кобрынскага веснiка»

 

Сваю гісторыю газета «Кобрынскі веснік» (першапачаткова – «Труд») вядзе з верасня 1939 года.

22 верасня 1939 года Чырвоная Армія вызваліла горад ад белапалякаў, а ўжо праз пяць дзён выйшаў першы нумар газеты «Труд» – орган часовага ўпраўлення горада Кобрына і Кобрынскага павета. Друкавалася газета на рускай мове. Апошні перадваенны яе нумар выйшаў 20 чэрвеня 1941 года. У пасляваенны перыяд газета «Труд» – орган райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных – пачала выходзіць у свет з 23 жніўня 1944 года. З 25 чэрвеня 1953 года газета стала выдавацца на беларускай мове пад назвай «Праца». З 28 красавіка 1962 года «Праца»  становіцца газетай Брэсцкага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Кобрынскім тэрытарыяльна-вытворчым калгасна-саўгасным упраўленні і атрымлівае на-зву «Камуністычная праца». У адпаведнасці з Законам СССР ад 12 чэрвеня 1990 года «Аб друку» газета «Камуністычная праца» перайменавана ў «Кобрынскі веснік». Першы нумар пад такой назвай выйшаў 1 студзеня 1991 года. Заснавальнікам газеты з’яўляліся Кобрынскі гарадскі і раённы Саветы народных дэпутатаў. Згодна пасведчання аб рэгістрацыі № 677 ад 30.12.2006 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь газета зарэгістравана як установа «Рэдакцыя раённай газеты «Кобрынскі веснік» і праграмы радыёвяшчання «Кобрынскае раённае радыё». Заснавальнікі: Кобрынскі раённы Савет дэпутатаў. Кобрынскі раённы выканаўчы камітэт. Выдаецца на беларускай і рускай мовах на 8-мі палосах у сераду і 12 – у суботу.

Першым рэдактарам раённай газеты быў Сцяпан Сяргеевіч Чэпікаў, які прыбыў у Кобрын разам з чырвонаармейскімі часцямі. Дапамагалі выдаваць першыя нумары газеты, якая друкавалася на ручным станку, рускі паэт Аляксандр Твардоўскі і пісьменнік Барыс Гарбатаў, якія ў 1939 годзе пасля вызвалення Заходняй Беларусі некаторы час жылі ў Кобрыне, дзе размяшчаўся штаб 4-й арміі. За час існавання газеты галоўнымі рэдактарамі яе былі: Пётр Дамброўскі (1958 – 1981 гг.), Аркадзь Астаповіч (1981– 2002 гг.), Алена Жук (2002– 2008 гг.), Аляксандр Пянко ( 2009 – 2014 гг.). З 3 мая 2014 года і па наступны дзень газету ўзначальвае Раман Мельнік. Калектыў рэдакцыі налічвае 13 чалавек.

Алена Бакун.