Мероприятия ко Дню инвалидов на Кобринщине проводились в тёплой и дружественной атмосфере
Вельмі часта, калі гаворым пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, перад намі паўстае толькі адзін вобраз – чалавек у інвалідным крэсле… Між тым сфера гэтая значна больш шырокая – і ўключае ў сабе не толькі тых, хто волею лёсу абмежаваны ў сваіх магчымасцях, але і тых людзей, хто знаходзіцца побач.
Усіх іх сабрала раённае мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў, якое прайшло нядаўна на Кобрыншчыне ў форме цёплай сяброўскай сустрэчы. У ёй прынялі ўдзел старшыні і актывісты пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і прадстаўнікі Кобрынскага ТЦСАН.
Яго ўдзельнікі сустрэліся з прадстаўнікамі Кобрынскага райвыканкама і атрымалі магчымасць абмеркаваць свае праблемы. Старшыні і актывісты “пярвічак” наведалі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава, а таксама выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Свет маімі рукамі”, якая праходзіла ў Палацы культуры, дзе маглі пазнаёміцца з экспанатамі, вырабленымі рукамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
У аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў Кобрынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гасцей чакалі прэзентацыя работы аддзялення і “круглы стол”, у час якога старшыні пярвічных арганізацый расказалі аб дзеючых праектах і планах на будучыню. Вялікі энтузіязм выклікаў і трэнінг “Пазітыўнае мышленне”, які ўвазе гасцей прадставіла псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Таццяна Тхорава.
А якое свята без канцэрта? На гэты раз яго падрыхтавалі выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання, маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія яшчэ раз пацвердзілі, што для сапраўднага энтузіязму і творчасці не можа быць ніякіх перашкод. Урачыстым момантам стала віншаванне юбіляраў – старшынь “пярвічак” Надзеі Брытанчук і Настассі Антончык.
Будзем спадзявацца, што ўсе ідэі, праекты і пажаданні, прадстаўленыя ў ходзе сустрэчы, абавязкова знойдуць сваё ўвасабленне і зробяць жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі больш камфортным.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.