Гады, з якімі маладзееш

Адшумела, адгучала шматлікімі галасамі і  разнастайнымі мелодыямі свята з нагоды тысячагоддзя заснавання Брэста. Так, гараджане разам з гасцямі, што аказаліся ў эпіцэнтры святочных мерапрыемстваў, перагарнулі яшчэ адну старонку сваёй багатай і слаўнай гісторыі, гісторыі, якая залатымі літарамі ўпісана ў агульную спадчыну нашай краіны.

 Тры дні горад нагадваў сабой, сапраўды, нешта неверагоднае – на вуліцах, якія ператварыліся ў культурныя пляцоўкі, літаральна не было дзе яблыку ўпасці: вялікі міжнародны карнавал, парад духавых аркестраў, фестываль фарбаў, вулічных тэатраў, выступленні самадзейных калектываў, феерычная музычна-гістарычная імпрэза “Міленіум”… Цяжка пералічыць усе мерапрыемствы, якімі парадаваў Брэст гасцей. Далёкае і нядаўняе мінулае, дзень сённяшні і планы на будучыню – уся тысячагадовая гісторыя прайшла перад вачамі прысутных, выклікаўшы шматлікія эмоцыі не толькі ў тых, хто ўпершыню адкрыў для сябе наш абласны цэнтр, але і ў саміх брэстчан.

Што значыць для брэстчан родны горад і чым адрозніваюцца яны ад іншых беларусаў, пацікавілася я ў гаспадароў.

– Мы шчырыя, добразычлівыя, больш адкрытыя – магчыма таму, што жывем на мяжы з Еўропай. Да нас прыязджае шмат гасцей і гэта, несумненна, накладвае свой адбітак, фарміруе з дзяцінства ў кожнага брэстчаніна якасці гасціннага гаспадара. Мы добра ведам сваю гісторыю, свой горад – кожнаму можам расказаць і прапанаваць не толькі тыя мясціны, якія на слыху ў большасці, а правесці іх па вулачках і скверах, якія зацікавяць  сваімі някідкімі, але вельмі арыгінальнымі кампазіцыямі, як, нарыклад, сквер старых ліхтароў, скульптура качагара, лавачка пажарнага, закаханыя лебедзі на набярэжнай, рарытэтны “Масквіч”, скульптурная кампазіцыя “Стары горад” і інш. Мы будуем утульны і прыгожы горад для сваіх дзяцей і ён перад вамі,  – пачула я ў адказ.

1000 гадоў – гэта многа, але гэта тыя гады, з якімі горад і яго жыхары толькі маладзеюць.

Алена БАКУН.

Святочныя мерапрыемствы. Фота: Алена БАКУН.