Гаспадарку весці – не лапці плесці

Зямельны надзел Аляксандра Штыка, якога сёлета ўзнагародзілі на Дзень горада як аднаго з лепшых фермераў раёна, было відаць здалёк: над палеткамі, пераліваючыся яркай вясёлкай, біў струмень вады – працавала палівальная ўстаноўка, якая ў спякотныя дні – першы памочнік гаспадарам на іх 20 гектарах зямлі.

– Тут не было нічога, – сядаючы за драўляны стол пад маладой сасонкай, якую пасадзілі ў першы год свайго фермерства, расказвае Аляксандр Іванавіч. – На гэтай зямлі пасвілі кароў жыхары суседняй вёскі Камень.

Побач – землі ААТ “Гарадзец-агра” і яшчэ двух фермераў, так што кожная сотка зямлі тут аброблена.

– Вырас я ў вялікай сям’і, дзе прывыклі працаваць, – дзеліцца Аляксандр Іванавіч. – Ідэя заняцца фермерствам прыйшла неяк сама па сабе. Жонка Таццяна таксама з вёскі, цану кавалка хлеба ведае. Пачалося ўсё з маленькай цяпліцы для жонкі, якую я зрабіў, як кажуць, па ўсіх правілах агратэхналогіі.

– Спачатку ўзялі ў арэнду пяць гектараў зямлі, а ў 2005-м цвёрда вырашылі, што трэба браць больш, – уключаецца ў размову Таццяна Васільеўна.

– Безумоўна, сельская гаспадарка – зона асаблівай рызыкі: замаразкі, засуха, дажджы – і ты нічога не зробіш. Але мы ніколі не гналіся за “доўгім рублём”, прасцей адносіліся да няўдач, паціху рабілі сваю справу, – кажа гаспадар.

З першых хвілін размовы відаць, што гэтая сям’я вельмі любіць сваю зямлю, і пра цяжкія гады працы гавораць спакойна.

– Быў час, што не было за што купіць тэхніку. Сябры дапамаглі з Расіі – прыгналі новы трактар у доўг. Праз некаторы час з усімі разлічыліся. Раней крэдыты было ўзяць цяжка – не было што ў заклад аформіць, зараз ёсць і фінансавая падтрымка, і  любая тэхніка, –  заўважае гаспадыня.

У гэтым сямейна-фермерскім падрадзе ў кожнага свая роля: муж – аграном, інжынер і вадзіцель, жонка – бухгалтар і лагіст. А сыну Віталію, які пасля заканчэння будаўнічай ВНУ вярнуўся дадому, адводзіцца роля архітэктара – гараж і склады пабудаваны па яго праектах. Дачка Іна зараз жыве ў Брэсце, але бацькоў не забывае.  Для ўборкі ўраджаю гаспадары прыцягваюць іншых людзей.

У гаражы тэхнікі і агрэгатаў аказалася шмат. Гаспадар – добры інжынер, здольны зрабіць любы агрэгат нават з металалому. Тут ёсць і даволі цікавая тэхніка – спецыяльная машына для раскладкі саломы паміж радамі клубніц – так ягада не зарастае і заўжды чыстая, не забіваецца пяском у дождж.  

Акрамя тэхнікі для апрацоўкі поля, гасападары маюць і генератарныя  ўстаноўкі – побач няма ліній электраперадач.

Пасля гаража – экскурсія па палетках. Чыстыя роўныя радочкі позняй капусты чакаюць свайго асенняга збору, а побач – поле з парэчкамі, ягады з якіх знялі з дапамогай спецыяльнага камбайна. Далей – пусты бульбянік – раннюю бульбу выкапалі і здалі.

Фермер амаль штогод наведвае выставу “Белагра”, што дапамагае ў арганізацыі сельскагаспадарчага працэсу.

– Розныя гатункі культур – гарант поспеху, – разважае фермер. – Калі ты сёлета пасадзіў адзін гатунак той жа бульбы і атрымаў добрыя грошы – гэта не значыць што на наступны год атрымаеш тое ж самае. Севазварот і разнастайнасць культур – важны аспект фермерскай працы.

Гаспадары сур’ёзна працуюць над пошукам збыту сваёй прадукцыі, як прыклад – дзесяць гадоў пастаўлялі бульбу і капусту ў 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэст. Зараз капуста прадаецца на Віцебшчыну, бульба, парэчкі, клубніцы – у Расію, як самі кажуць, ад Піцера да Краснадара.

Побач з гаспадарскімі пабудовамі – сад для душы. Дарэчы, гаспадары тут не жывуць – кожны дзень прыязджаюць з-пад Кобрына амаль што за дваццаць кіламетраў.

На развітанне Таццяна Васільеўна і Аляксандр Іванавіч ахвотна дзеляцца планамі: узяць ў арэнду яшчэ 35 гектараў – а тэхнікі, сіл і любві для працы на зямлі абавязкова хопіць.

Людміла Пашковіч.

На здымку аўтара: Таццяна і Аляксандр Штык з новым ураджаем бульбы.