Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ: “Разам у нас усё атрымаецца!”

 

Чысціня і парадак навокал, па-гаспадарску дагледжаныя вуліцы, новыя жылыя кварталы, радасны дзіцячы смех… Асацыяцыі з Кобрынам у кожнага з нас свае, пранікнёныя любоўю да роднага горада. З якімі дасягненнямі і вынікамі наш горад сустракае свята, расказвае старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ.

  – Дынамічнае і паступовае развіццё Кобрынскага раёна адчуваецца ў кожнай з сфер народнагаспадарчага комплексу. Пераўтварэнні адбываюцца ў такой адказнай і важнай галіне, як сельская гаспадарка. Прайшла рэарганізацыя шэрагу сельгаспрадпрыемстваў – ААТ “Мінянка” далучылася да “Пакроўскага”, ААТ “Кутузаўскі”  – да “Любані”. Важную ролю раённая ўлада надае развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы гаспадарак. На сучасным этапе ў раёне вядзецца будаўніцтва буйных малочнатаварных комплексаў у ААТ “Раданежскае” і ААТ “Батчы”.

На сяле заўсёды  ёсць над чым працаваць. Паўстаюць пытанні ўдасканальвання кармавой базы, сістэмы ўтрымання і кармлення жывёлы, укаранення новых відаў раслін з улікам сучаснага зменлівага і капрызнага клімату, павышэння заработнай платы аграрыяў.

Нямала робіцца раённай уладай і ўсімі зацікаўленымі службамі і ведамствамі для развіцця прамысловага сектара. Тут заўсёды хапае складаных пытанняў. Мы шукаем інвестараў для ААТ “Кобрынскі інструментальны завод “СІТОМА”, на якім працуе калектыў сапраўдных прафесіяналаў і патрыётаў сваёй справы. Унікальным нават у маштабах краіны з’яўляецца ААТ “САЛЕА-Кобрын”, дзе выпускаюцца гідраўлічныя цыліндры. Спрыяем адміністрацыі прадпрыемства ў пошуку інавацыйнага праекта па мадэрнізацыі вытворчасці, якая б дазволіла павялічыць аб’ёмы прадукцыі ў некалькі разоў. Кобрын заўсёды славіўся швейнай вытворчасцю. Спадзяюся, што ў дзейнасці маркетынгавых службаў гэтых прадпрыемстваў з’явіцца новы імпульс, паколькі ў час высокай канкурэнцыі трэба востра адчуваць кан’юнктуру рынку, выкарыстоўваць самыя сучасныя прыёмы ў гандлі і прасоўванні тавараў. Раённая ўлада заўсёды ідзе насустрач рацыянальным ініцыятывам. У бліжэйшай перспектыве пазітыўныя пераўтварэнні чакаюць ААТ “Кобрынаграмаш”, дзе вядзецца работа па стварэнні афіцыйнага дылерскага цэнтра завода “МТЗ”. З пазітыўнай дынамікай развіваецца бізнес.

Напружанай работы патрабуе сацыяльная сфера. Хачу адзначыць, што Кобрын заўсёды славіўся сваёй спартыўнай інфраструктурай. На сучасным этапе на высокім узроўні аказваюцца фізкультурна-аздараўленчыя паслугі насельніцтву. Аднак межаў для дасканаласці не існуе. Адбываецца планамернае пераўзбраенне медыцынскага абсталявання ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля капітальнага рамонту новае аблічча набывае цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне, вядзецца рамонт памяшкання пад устаноўку ў наступным годзе камп’ютарнага тамографа. Належны стан падтрымліваецца ў навучальных установах Кобрыншчыны. Так, ажыццяўляецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі для будаўніцтва спартыўнай залы ў Залескай сярэдняй школе. У перспектыве плануем пабудаваць сад-школу ў раёне вул. Дружбы ў Кобрыне.

На пастаянным кантролі ўлады – добраўпарадкаванне горада. У наступным годзе распачнуцца работы па рэканструкцыі новага моста.

 Шчыра дзякую жыхарам Кобрына за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і неабыякавае стаўленне да навядзення чысціні і парадку на тэрыторыях прыватных домаўладанняў, шматпавярховых дамоў. Прыемна, што ў зваротах нашых грамадзян заўсёды ёсць  канструктыўныя прапановы, цікавая інфармацыя, дзякуючы гэтаму раённыя ўлады аператыўна рэагуюць на злабадзённыя праблемы. Хачу шчыра падзякаваць кіраўнікам устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, ведамстваў за ўклад у развіццё кадравага патэнцыялу, укараненне школы настаўніцтва ў працоўных калектывах, за плённую работу па павышэнні ўзроўню дысцыпліны. Пры такім падыходзе будем атрымліваць станоўчую дынаміку ў эканоміцы раёна.

Шаноўныя кабрынчане! Прыміце шчырыя віншаванні з Днём  горада. Хочацца пажадаць вам самага галоўнага багацця  – здароўя, міру і спакою ў вашых сем’ях, росту дабрабыту і ўзроўню жыцця. Разам у нас усё атрымаецца! 

Запісаў Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Грышкевіч.