Прайсці вайну, каб шчасце знайсці

Былыя вязні фашызму  – носьбіты гісторыі, таму кожнае знаёмства з імі выклікае шмат пачуццяў. Не так даўно я пазнаёмілася з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Якубовічам. 17 красавіка ён адзначае свой 93 год нараджэння. Яго любімая жонка Вера Аляксееўна, з якой яны душа 9 душу пражылі амаль 66 гадоў, у лютым таксама адзначыла такую ж дату. Васіля Ільіча і Веру Аляксееўну хацелася слухаць і слухаць, набірацца ў іх жыццёвай мудрасці.

Больш за ўсё яму запомнілася вызваленне Кобрына.

– Помню, як немцы адступалі. Мы ляжалі ў полі за хлявом, прыслухоўваючыся да грукату снарадаў, прыжымалі галаву да зямлі… Адначасова было і страшна, і радасна, што прыйло вызваленне.

У ліпені Кобрын быў вызвалены, а ў жніўні васямнаццацігадовы юнак Васіль прыбыў на зборны пункт.

– Я трапіў у I Прыбалтыйскі фронт пад камандаваннем Івана Баграмяна. Навучылі мяне артылерыйскай справе, і пасля я ўжо добра ведаў, што не трэба так нізка прыгінаць галаву да зямлі, бо снарад ляціць высока… – заўважае Васіль Ільіч.

З войскамі свайго фронту малады салдат дайшоў амаль да Калінінграда, пасля ранення апынуўся ў шпіталі, дзе і сустрэў Перамогу. Васіля Якубовіча камісавалі, і ён вярнуўся ў родны Кобрын, дзе ў хуткім часе ажаніўся.

– Ой, я і не збіралася за яго замуж! – уключаецца ў размову Вера Аляксееўна і паглыбляецца ва ўспаміны. – З яго роднай сястрой мы вучыліся ў педвучылішчы ў Брэсце, я часта бывала ў іх дома, пакідала веласіпед, калі прыязджала з родных Калубель па справах у горад. А аднойчы, калі разам ішлі з танцаў, Васіль затрымаў мяне і спытаў, ці пайшла б я за яго замуж. Неспадзявана для самой сябе сказала, што пайшла б. А на наступны дзень амаль сілай павёў мяне ў ЗАГС! – усміхаецца бабуля.

На пытанне аб сакрэце сямейнага шчасця Вера Аляксееўна кажа, што ён у кожнага свой, тут галоўнае думаць не толькі пра сябе.

Малады муж прывёў жонку ў новы, пабудаваны сваімі рукамі дом. Васіль Ільіч доўгі час працаваў будаўніком, на кансервавым заводзе быў качагарам. А Вера Аляксееўна усё жыццё аддала педагогіцы – выкладала ў пачатковых класах.

Пара Якубовічаў выгадавала дзвюх дачок, маюць унука і двух праўнукаў, якія жывуць у сталіцы і якіх так чакаюць на самае любімае і галоўнае свята – свята Перамогі.

Людміла ПАШКОВІЧ.

На здымку аўтара: Васіль і Вера Якубовіч.