Дзве краіны, а лёс — адзін!

Сустрэчы, круглыя сталы, выставы з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі штогод праходзяць у беларускіх і расійскіх рэгіёнах. Імпрэза, прысвечаная гэтаму дзяржаўнаму святу, адбылася 2 красавіка ў інфармацыйна-сэрвісным цэнтры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Падчас урачыстай праграмы  госці свята  разам з вядучымі Юліяй Пракапук і Наталляй Раманюк узгадалі гісторыю садружнасці дзвюх дзяржаў, а менавіта тое, што ў гэты ж дзень 1996 года прэзідэнты Расіі і Беларусі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі ў Маскве дагавор  аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі. А ўжо праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які даў новы імпульс працэсу інтэграцыі дзвюх дзяржаў.  

Відэапрэзентацыя дапоўніла аповед пра палітычнае, эканамічнае, культурнае супрацоўніцтва дзяржаў і народаў. Вядучыя падкрэслілі, што для большасці беларусаў і расіян названая дата сімвалізуе непарушнасць шматвекавога братэрства, імкненне разам будаваць сваё жыццё і ствараць будучыню. Толькі на Кобрыншчыне сёння пражывае каля 5000 грамадзян Расіі, тут яны знайшлі свой другі дом.

Павіншаваў прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Іван Даўжук, які адзначыў, што  Кобрын звязваюць моцныя братэрскія адносіны з шэрагам расійскіх гарадоў. Гэта Ліўны Арлоўскай вобласці, Ціхарэцк Краснадарскага краю, Гусеў Калінінградскай вобласці. З імі Кобрын будуе трывалыя палітычныя, эканамічныя, культурныя адносіны.  Прадукцыя буйнейшых прадпрыемстваў Кобрыншчыны – ААТ “Масларобна-сыраробны завод”, СТАА “ВП Палессе”, ААТ “САЛЕА-Кобрын” – экспартуецца на расійскі рынак.

Добрыя ўражанні пакінула і канцэртная праграма, падчас якой гучалі душэўныя радкі пра дружбу народаў абедзвюх краін-сясцёр, пра вялікі подзвіг, здзейснены на фронце і ў тыле ворага ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра мірную сумесную стваральную працу па адраджэнні разбуранай фашыстамі гаспадаркі, значныя дасягненні ў навуцы, літаратуры, мастацтве. Увазе прысутных была прапанавана выстава  “Беларусь і Расія – нас аб’ядноўвае кніга”, экспанатамі якой сталі выданні расійскіх і беларускіх аўтараў – юбіляраў гэтага года.

Ганна КАЗАКОВА.

На здымку аўтара: намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і Іван Даўжук  разам з удзельнікамі  мерапрыемства знаёмяцца з выставай.