Закон, па якім жыве краіна, – наш закон!

Мала нарадзіцца беларусам – трэба ім сябе адчуваць. Гэтая думка стала асноўным лейтматывам тэматычнай гадзіны «Галоўны дакумент краіны: мінулае і сучаснасць», якую падрыхтавалі і правялі для старшакласнікаў горада супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Школьнікі, якія стаяць на парозе самастойнага жыцця, размаўлялі аб канстытуцыйным праве Рэспублікі Беларусь і яго значэнні для беларусаў.

Вядучыя свята Ларыса Нясцюк і Юлія Пракапук прапанавалі прысутным ажыццявіць экскурс у гісторыю і з дапамогай відэароліка ўзгадаць, як быў прыняты галоўны дакумент нашай краіны, якія асноўныя правы і свабоды гарантуе Канстытуцыя грамадзянам Беларусі. Гасцей свята пазнаёмілі з этапамі развіцця канстытуцыйнага права ў нашай рэспубліцы, са структурай Канстытуцыі, яе асноўнымі часткамі, артыкуламі, значэннем Канстытуцыі для дзяржавы і грамадзян. Затым прысутным прапанавалі выставу “Закон, па якім жыве краіна”, якая размясцілася ў інфармацыйна-сэрвісным цэнтры раённай бібліятэкі. Сапраўдным адкрыццём для  многіх удзельнікаў свята стала прэзентацыя  публічнага Цэнтра прававой інфармацыі, які з 2002 года працуе пры бібліятэцы і дае магчымасць свабоднага доступу да інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку да фондаў афіцыйных заканадаўчых актаў. А змястоўная віктарына, якую падрыхтавала галоўны бібліёграф Святлана Курачук, дапамагла замацаваць атрыманыя веды.

Удзел у мерапрыемстве прыняў памочнік пракурора Кобрынскага раёна Фёдар Ляшок.

– Адзначаючы 25-годдзе Канстытуцыі, мы нязменна выдзяляем галоўнае – дэмакратычныя прынцыпы арганізацыі нашай дзяржавы, палітычныя і эканамічныя свабоды грамадзян Беларусі. Асноўная ідэя Канстытуцыі ў тым, што дзяржава павінна служыць грамадству, людзям, працаваць на дабрабыт і поспех кожнага з грамадзян, – падкрэсліў ён.

Пакідаючы мерапрыемства, удзельнікі адзначылі, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе свабоды і правы, якія неабходны для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Таму захоўваць Асноўны Закон краіны, прытрымліваючыся яго духу і літары, і тым самым умацоўваць дзяржаўнасць  – патрыятычны абавязак кожнага.

Ганна КАЗАКОВА.

На здымку: вучні гімназіі падчас мерапрыемства.