32 юнакі і дзяўчыны атрымалі пашпарт у Кобрынскім Палацы культуры

Галоўны дакумент – і гонар, і адказнасць

15 сакавіка ў рамках усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” ў Кобрынскім Палацы культуры прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў маладым кабрынчанам –  самы галоўны дакумент у гэты дзень атрымалі 32 юнакі і дзяўчыны.

Гэта вельмі значны дзень – нашы юныя землякі атрымліваюць свой самы важны дакумент і становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Вельмі сімвалічна, што гэтая цырымонія праходзіць у Дзень Канстытуцыі, у дзень, калі быў прыняты Асноўны Закон, які замацаваў правы і абавязкі грамадзян нашай краіны. А яе будучыняй з’яўляецца гэтая самая моладзь, якая зусім хутка зможа рэалізаваць сябе ў тых грандыёзных планах, якія стаяць перад нашай краінай.

Атрымаць галоўны дакумент у дзень 25-годдзя Канстутыцыі Рэспублікі Беларусь – не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць. У Палацы Культуры сабраліся лепшыя прадстаўнікі кобрынскай моладзі – выдатнікі вучобы, актывісты маладзёжнага руху, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спабоніцтваў.

– Усе мы ганарымся там, што пашпарты нам уручылі ў такі значны дзень, – расказвае вучань СШ №1 г. Кобрына Ілья Юшчук. – Нашы бацькі, дзяды і прадзеды стварылі нам выдатныя ўмовы для жыцця, і пашпарт – гэта сімвал адказнасці за ўсё тое, што атрымала наша пакаленне. Хочацца шчыра падзякаваць ім і запэўніць, што мы апраўдаем давер і зробім усё магчымае для таго, каб наша краіна намі ганарылася.

Ва ўрачыстай атмасферы пад апладысменты прысутных пашпарты і кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” моладзі ўручылі намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына Палявода.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

На здымках аўтара: цырымонію ўручэння пашпартоў праводзяць Валянцін Трубчык і Марына Палявода; фота на памяць; цяпер – паўнапраўныя грамадзяне!