Абласная зімовая спартакіяда “Брэсцкая лыжня-2019” прайшла на вяслярным канале ў Брэсце

На асабістым прыкладзе

Абласная зімовая спартакіяда “Брэсцкая лыжня-2019” прайшла на вяслярным канале ў Брэсце. За званне пераможцаў змагаліся каманды раёнаў Брэсцкай вобласці, а таксама рэгіянальных ведамстваў і ўпраўленняў. Рух за здаровы лад жыцця актыўна падтрымалі і кабрынчане. У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевич.

Даўжыня лыжні, на якой спаборнічалі спартсмены, складала 1200 метраў. Каманду Кобрыншчыны ўзначалілі намеснікі старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык і Сяргей Дзенісюк, у яе саставе выступілі галоўны спецыяліст фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Янюк і старшыня Залескага сельвыканкама Валерый Іванюк. У асабістым заліку змагаліся Павел Адамовіч, які па выніках спартакіяды заваяваў 4-е месца, Святлана Якаўчук (5-е месца) і Аляксандр Марчук (16-е месца). Нягледзячы на энтузіязм і вялікую волю да перамогі, трапіць у тройку лідараў у кабрынчан не атрымалася. Першае месца заваявалі гаспадары лыжні – каманда Брэсцкага аблвыканкама, другое – спартсмены Баранавіцкага райвыканкама, а трэцяе дасталося Ганцавіцкаму райвыканкаму. Аднак, як адзначаюць самі ўдзельнікі, самым галоўным прызам стаў выдатны зарад бадзёрасці і добрага настрою, які атрымалі ўсе спартсмены без выключэння.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ з архіва Паўла Адамовіча: удзельнікі кобрынскай каманды на “Брэсцкай лыжні-2019” Валянцін Трубчык, Сяргей Дзенісюк, Ірыня Янюк і Валерый Іванюк.