Сардэчная ўдзячнасць будаўнікам

Будаўнікі – людзі, якія працуюць на будучыню. На ўрачыстым вечары, прысвечаным іх прафесіянальнаму святу, які прайшоў нядаўна ў Палацы культуры, менавіта ім прысвячаліся песні, вершы і словы падзякі, яны атрымлівалі граматы і прэміі. Адкрыў святочнае мерапрыемства  дырэктар флагмана будаўнічай галіны Кобрыншчыны – ААТ “Будтрэст №33” Аркадзь Замковіч. Ён адзначыў, што нягледзячы на няпростую сітуацыю ў будаўнічай галіне калектыў трэста сёння актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўных праграм і праектаў. Толькі за паўгоддзе аб’ём работ, выкананых прадпрыемствам, дасягнуў 18 мільярдаў рублёў, што ў адпаведных цэнах складае 132% да ўзроўню мінулага года, на 128% перавыканана заданне па прадукцыйнасці працы, на 109% забяспечаны рост рэальнай заработнай платы, якая ў чэрвені ў сярэднім склала 1 мільён 671 тысячу рублёў.

Але, мабыць, самыя лепшыя пацвярджэнні эфектыўнасці працы нашых будаўнікоў – новыя будынкі, якімі з кожным годам прырастае наш горад. Як падкрэсліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Таццяна Місюк, усім нам хочацца жыць у цёплым, утульным доме, наведваць сучасныя сацыяльныя аб’екты, адзначаць святы і ўрачыстасці ў новых і прыгожых установах культуры. І за ўсё гэта мы павінны быць удзячнымі будаўнікам. Менавіта яны ў любое надвор’е, у любую пару года самааддана і рупліва працуюць на дабрабыт нашай Кобрыншчыны і робяць яе яшчэ прыгажэйшай.

Яны – сівыя ветэраны будаўнічай галіны і зусім яшчэ маладыя хлопцы – у гэты дзень сядзелі побач. Тыя, хто аддаў будаўніцтву ўсё сваё жыццё, з радасцю глядзелі на маладое пакаленне, якому калісьці перадавалі свае навыкі і веды. А маладыя будаўнікі, якія нягледзячы на ўзрост ужо здолелі дабіцца высокіх вынікаў і прызнання, з хваляваннем у сэрцы падымаліся на сцэну за ўзнагародамі…

Гавораць, што стан будаўніцтва з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам дабрабыту дзяржавы. Дык няхай зноў і зноў растуць у неба шматпавярховыя дамы, няхай маладыя сем’і атрымліваюць новае жыллё, а горад – новыя і новыя аб’екты.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *