Ураджай-2011: Віншаванні лідарам спаборніцтва

Выключна старанна працуюць на жніве хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства “Гарадзец-агра”. Кожны механізатар гаспадаркі, іншыя ўдзельнікі ўборачнага канвеера імкнуцца ўнесці асабісты дастойны ўклад у агульную справу. А найбольшая адказнасць кладзецца на камбайнераў. З самага пачатку жніва ў полі працуюць усе 12 камбайнаў, кожны экіпаж змагаецца за найвышэйшыя паказчыкі пры высокай якасці работы.

Вопыт і майстэрства дэманструюць літаральна ўсе экіпажы, а вось барацьба за абсалютнае лідарства разгарнулася паміж камбайнерамі Васілём Кавалевічам і Мікалаем Пакалюком. Да апошняга моманту цяжка было прадказаць, хто першым намалоціць 1000 тон збожжа. І вось у панядзелак, 8 жніўня, гэтыя экіпажы прымалі віншаванні. Васіль Кавалевіч з сынам Уладзімірам намалацілі 1034 тоны збожжа, а Мікалай Пакалюк з Міхаілам Рыла – 1005 тон.

Пераможцаў раённага спаборніцтва віншавалі ў Гарадцы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Галіна Бурдыка і намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Віктар Балабушка. Шчырым працаўнікам, хто здолеў дабіцца лепшых вынікаў на жніве, яны пажадалі моцнага здароўя і поспехаў, уручылі Пісьмы падзякі райвыканкама, падарункі і сувеніры. Песняй славілі руплівых хлебаробаў самадзейныя артысты Гарадзецкага сельскага Дома культуры.

Як паведаміў дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук, на 8 жніўня ў гаспадарцы ўбралі звыш 80 працэнтаў збожжавых культур і пры ўраджайнасці 29,7 цэнтнера намалацілі 8664 тоны збожжа. Да тысячнага рубяжа па намалоту збожжа ў гаспадарцы наблізіліся экіпажы Сяргея і Анатоля Каташукоў, Аляксандра Заноўскага і Уладзіміра Леанюка.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

На здымку: (злева направа) першыя “тысячнікі” ў раёне – экіпажы камбайнаў “Джон-Дзір-9640” ААТ “Гарадзец-агра” Уладзімір і Васіль Кавалевічы; Мікалай Пакалюк і Міхаіл Рыла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *